Традыцыі ўсходняй кніжнасці на Беларусі:
кадыкалагічныя даследаванні
Сярод рарытэтаў, што захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі), можна ўбачыць помнікі кніжнасці, напісаныя яўрэйскім і арабскім пісьмом. Яны былі створаны на землях Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) у XVII – пачатку XX ст. мясцовымі татарамі і яўрэямі і ўвайшлі ў культурную спадчыну Беларусі. Мэтай нашага даследавання з’яўляецца кадыкалагічная характарыстыка рукапісаў беларускіх яўрэяў і татараў, а таксама разгляд гэтых кніг у кантэксце агульных культурных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ.
Даўнюю форму рукапіснай кнігі ў фондах бібліятэкі прадстаўляюць 3 скруткі пергаменту даўжынёй 3, 5 і 8 метраў з тэкстамі на старажытнаяўрэйскай мове[1]. Гэта розныя фрагменты двух поўных скруткаў Торы, якія, верагодна, былі напісаны на Беларусі ў XVIII ст., а ў бібліятэку трапілі ў 1974 – 1987 гадах: паасобку былі набыты ў букіністычнай кнігарні.
Як вядома, яўрэі на беларускіх землях з’явіліся ў канцы XIV ст., больш інтэнсіўная міграцыя іх была ў XVI ст. з Заходняй Еўропы, найбольш з Германіі і Польшчы. З канца XVIII ст. усе беларускія землі ўваходзілі ў так званую мяжу аседласці яўрэяў. Для рэлігійных патрэб яўрэі перапісвалі свае святыя кнігі, у тым ліку галоўную з іх – Тору. Звычайна яна размяшчалася на скрутку пергаменту, вырабленага са скур «чыстых» жывёл: авечак, коз, цялят. Скуру пасля апрацоўкі вапнай ачышчалі механічным спосабам ад валаскоў і мышачнага слоя, потым пергамент расцягвалі і высушвалі. Высушаную скуру націралі мелам, які ўбіраў рэшткі тлушчу, а потым паліравалі пемзай, каб зрабіць паверхню скуры больш гладкай[2]. Дамагчыся гэтага было цяжка, таму часта атрымліваліся палосы з дзіркамі, дарэчы, гэта характэрна для двух фрагментаў з калекцыі бібліятэкі (Р184, Р182), дзіркі на пергаменце ў іх заклеены маленькімі палосамі вошчанай паперы ці пергаменту.
Скруткі Торы, накручаныя на драўляныя валікі, якія маглі быць аздоблены разьбой, захоўваліся ў сінагозе ў спецыяльных шафах. Тэкст цярпеў ад вільгаці, пергамент дэфармаваўся пры скручванні, аднак нават пашкоджаныя, зношаныя пергаменты з тэкстамі Торы не знішчаліся, паколькі яны маглі змяшчаць імя Бога. Некаторыя дэфектныя рукапісы хаваліся на могілках, ці знаходзіліся ў спецыяльных сховішчах (генізах), якія звычайна размяшчаліся на паддашках, ці ў падвалах сінагог. Вытворчасць скруткаў Торы на Беларусі захоўвалася да XIX ст., верагодна, таму значная колькасць фрагментаў з іх захавалася да нашага часу[3].
Літургічныя скруткі выкарыстоўваліся пры публічных чытаннях Бібліі ў культавых месцах. Патрабаванні для іх афармлення былі больш жорсткімі: тэкст пісаўся без агласовак, колькасць памылак і паправак была мінімальнай. Скруткі з вялікай колькасцю паправак на адзін слупок для літургіі не выкарыстоўваліся[4].
Фрагменты скруткаў Торы з фондаў бібліятэкі складаюцца з прамавугольных палос пергаменту вышынёй ад 48 да 50 см і даўжынёй ад 35 да 103 см[5], якія змацаваны паміж сабой вошчанымі ніткамі. На палосах – па тры-чатыры слупкі западнасеміцкага, так званага яўрэйскага “квадратнага” пісьма. Гэта пісьмо выкарыстоўвалі яўрэі з 3 – 2 стст. да н. э. і захавалі для моў іўрыт, ідыш, ладзіна. Выкарыстоўванне для запісу Торы і Талмуда не кананічнага шрыфту лічылася святатацтвам. Пісьмо, як ў старажытнасці, складаецца толькі з зычных, галосныя не ўказваюцца, пэўныя зычныя ўпрыгожаны “тагінамі” – маленькімі дэкаратыўнымі каронамі. Гэтыя кароны сустракаюцца толькі ў скрутках Пяцікніжжа (лічыцца, што Тора, напісаная Майсеем, таксама змяшчала тагіны), у друкаваных выданнях Торы іх няма.
Тэкст у фрагментах скруткаў з калекцыі бібліятэкі не падзелены на вершы, а толькі на кнігі (паміж імі пакінуты 4 пустыя радкі) і раздзелы Пяцікніжжа, якія павінны чытацца па суботах. Па светлых лініях (іх у дадзеных фрагментах заўсёды 52), праціснутых на пергаменце, справа налева ідуць строгія радкі “квадратных” літар. Яны напісаны гусіным пяром чорным чарнілам, ніякіх арнаментаў або мініяцюр у тэксце няма. Верагодна, было выкарыстана жалезістае чарніла на аснове чарнільных арэшкаў (нарастаў на лісцях і кары дубу) і жалезных апілкаў. Як вядома, гэта чарніла можа выцвітаць да рудога колеру і раз’ядаць пергамент, так, напрыклад, адбылося ў фрагменце Р184. Ва ўсіх фрагментах тэкст, які выцвіў, часткова адноўлены пазней, магчыма, у XIX ст. чорным чарнілам. Радкі складваюцца ў слупкі рознай шырыні, вышыня слупкоў заўсёды аднолькавая – каля 41 см, адлегласць паміж слупкамі – 3 см, зверху і знізу пакінуты палі ў 4 см.
Першы фрагмент скрутка (Р184), агульнай даўжынёй 7 м 87 см, быў набыты ў 1975 г. Ён складаецца з 12 палос пергаменту вышынёй ад 48 да 50 см, даўжынёй ад 35 да 91 см. На іх змешчаны тэкст кніг «Быццё» і «Выхад», апошняя перарываецца на пятым вершы 21-й главы. Другі фрагмент (Р252), агульнай даўжынёй 5 м 28 см, складаецца з 7 палос, вышынёй ад 48,5 да 49,5 см, даўжынёй ад 69,5 да 90 см. Ён пачынаецца з пятага верша 21-й главы кнігі «Выхад» (якраз там, дзе заканчваецца першы фрагмент) і заканчваецца на 17-м вершы 26-й главы кнігі «Левіт». Нягледзячы на тое, што другі фрагмент быў набыты бібліятэкай праз 12 гадоў пасля першага (1987 г.), ён, безумоўна, з'яўляецца працягам першага фрагмента, такім чынам, абодва фрагменты належылі да аднаго скрутка Торы.
Трэці фрагмент (Р175), агульнай даўжынёй 3 м 8 см, складаецца з 4 палос пергаменту вышынёй – ад 49 да 49,5 см, даўжынёй ад 49,5 да 103 см. Ён змяшчае «Другазаконне» і заканчваецца апошнім словам кнігі. Трэці фрагмент быў набыты ў 1974 г. Ён вылучаецца больш якасным вырабам пергаменту: калі ў складзе двух першых фрагментаў былі палосы рознай якасці, то ў гэтым фрагменце якасць вырабу ўсіх 4-х палос аднолькава добрая. Трэці фрагмент захаваўся лепш за астатнія, магчыма, таму, што знаходзіўся ў самай сярэдзіне скрутка: яго дыяметр самы малы. Самы вялікі дыяметр у першага фрагмента, ён і захаваўся горш за ўсіх, асабліва пацярпела ад вільгаці першая паласа, якая была зверху скрутка, пергамент на ёй дэфармаваўся. Дарэчы, першая паласа была падшыта так, каб утрымліваць драўляны валік: захаваліся сляды прашыўкі, сам валік не захаваўся. Першы і другі фрагменты скрутка маюць шматлікія пашкоджанні: дзіркі, разрывы, апрача гэтага, абарваны верхнія і ніжнія берагі палос, магчыма, нават часткова пааб'яданы мышамі, на першым фрагменце пергамент дзе-нідзе паточаны жучком. Некаторыя пашкоджанні рэстаўраваны, падклеены; складаецца ўражанне, што частку пашкоджанняў фрагменты атрымалі ўжо пасля рэстаўрацыі, прычым, у адрозненне ад першага і другога фрагментаў трэці фрагмент пасля рэстаўрацыі не пацярпеў.
Трэба адзначыць, што дакладна вызначыць, ці з'яўляецца трэці фрагмент часткай таго ж самага скрутка ці іншага, немагчыма, таму што почырк перапісчыка індывідуальна не праяўляецца. Калі браць за аснову зыходны матэрыял (якасную характэрыстыку пергаменту і чарніла), першыя два фрагменты адрозніваюцца ад трэцяга. Такім чынам, трэці фрагмент хутчэй за ўсё – з іншага скрутка. Час напісання тэксту фрагментаў вызначыць дакладна немагчыма, як вядома, з сярэднявечча да XIX стагоддзя, матэрыял і почырк скруткаў заставаліся нязменнымі. Згодна са знешнім выглядам, дадзеныя тры фрагменты скруткаў Торы з калекцыі ЦНБ НАН Беларусі можна аднесці да XVIII ст. Магчыма, трэці фрагмент быў напісаны раней за два першыя, г. зн. належыў да больш ранняга скрутка: для больш ранніх скруткаў характэрны лепшы выраб пергаменту, пазней майстэрства паступова прыйшло ў заняпад.
Татарскія рукапісы ўяўляюць сабой папяровыя кодэксы, напісаныя нашчадкамі перасяленцаў з Залатой Арды і Крымскага ханства, якія і XIV – XVI стст. пасяліліся ў Вялікім княстве Літоўскім. Мусульманскае пісьменства на землях ВКЛ існавала амаль выключна ў рукапіснай форме. Змест кніг фарміраваўся з другой палавіны XVI да канца XVIII ст., пасля тэксты перапісваліся амаль без змяненняў да другой палавіны XX ст.[6]
У ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца 14 арабапісьмовых кніг канца XVII – пачатку XX ст[7]. Рукапісы змяшчаюць спіскі з усходніх тэкстаў, а таксама іх пераклады на беларускую і польскую мовы, арыгінальныя тэксты на мясцовай беларуска-польскай мове. Як вядома, татары ў выніку гістарычных абставін не змаглі захаваць роднай цюркскай мовы, успрынялі мову мясцовых жыхароў – беларускую, потым польскую і рускую, але ў сваіх рэлігійных кнігах нават славянскія тэксты пісалі арабскімі літарамі.
У калекцыі бібліятэкі – 4 Кур’аны XVIII – XIX стст., два з іх змяшчаюць невялікія прадмовы на беларуска-польскай мове, якія тлумачаць, як падрыхтавацца да чытання святой кнігі. Вельмі значнымі для беларускіх татараў былі тэфсіры. Як вядома, да XIX – XX стст. яны служылі татарскай дыяспары асноўнай крыніцай знаёмства са зместам Кур’ана, пакуль не былі канчаткова заменены друкаванымі перакладамі. Хаця арабскае слова “тэфсір” звычайна азначае “каментарый”, беларускія тэфсіры па сутнасці з’яўляюцца перакладамі Кур’ана з некаторымі элементамі каментарыя. Яны уключаюць Кур’ан, які напісаны на арабскай мове, пад кожным гарызантальным радком тэксту наўскось запісаны пераклад на польскую мову. У бібліятэцы знаходзяцца 2 тэфсіры: «Тэфсір» 1686 г., які змяшчае ранейшую з захаваных копій перакладу Кур’ана на польскую мову[8], і «Тэфсір» апошняй чвэрці XIX ст. “Малодшы” тэфсір змяшчае нехарактэрны для тэфсіраў дадатак с паданнем пра Дауда (Давіда), Талута (Саула) і Джалута (Галіафа)[9]. Сказанне змешчана на палях кнігі ў якасці каментарыя да суры 2:250, яно паходзіць з біблейскай і каранічнай гісторый, але і адрозніваецца ад іх асобными сюжэтными лініямі.
Цесна звязаны з Кур’анам і тэджвіды – своеасаблівыя дапаможнікі па чытанні Кур’ана. У фондзе бібліятэкі – адзіны захаваны рукапіс «Тэджвіды» канца XVIII – пачатку XIX ст. з тэкстамі на цюркскай і польска-беларускай мовах. Вельмі папулярныя ў татараў былі маленькія малітоўнікі – хамаілы. Бібліятэчныя асобнікі належаць да XIX – пачатку XX ст., апрача малітваў у іх можна знайсці астралагічныя прагнозы, парады народнай медыцыны, магічныя заклінанні на беларускай і польскай мовах.
Нарэшце, «Паўкітаб» апошняй трэці XVIII ст. – шматмоўны зборнік, які ўключае маральныя павучэнні, рытуальныя прадпісанні, варажбу, а таксама рэлігійна-палемічныя тэксты з цытатамі з Бібліі. У «Паўкітабе» з калекцыі ЦНБ НАН Беларусі змяшчаецца чатыры палемічныя тэксты на польскай мове арабскім пісьмом[10], накіраваныя супраць хрысціянскага догмату тройцы і боскай прыроды Ісуса. У іх ідэнтыфікаваны цітата з «Брэсцкай Бібліі» 1563 г. і каля 140 вершаў са Старога і 20 з Новага запаветаў "Нясвіжскай Бібліі" С. Буднага 1572 г.[11]. Погляды аўтара гэтага перакладу, яго інтэрпрэтацыя Святога Пісання былі блізкія татарам ВКЛ[12]. У сваёй рэлігійнай літаратуры татары часта выкарыстоўвалі кнігі, якія, паводле ісламу, Бог паслаў чатыром прарокам: Тора была паслана Мусе (Майсею), Псалмы – Давіду (Дауду), Евангелле – Ісусу (Ісе) і Кур’ан – Мухаммаду, прычым Кур’ан разглядаўся як падсумаванне папярэдніх кніг[13].
У рукапісах можна сустрэць і запазычанні з паданняў, якія не ўвайшлі ў склад свяшчэнных кніг, напрыклад, сярод тэкстаў того ж “Паўкітаба” вылучаецца апалагетычны твор пад назвай “Пра нараджэнне Ізмаіла”, у якім аўтар згадвае генеалогію роду Абрагама (Авраама), даказвае, спасылаючыся на канкрэтныя вершы з Бібліі, што продак мусульман Ізмаіл быў законнанароджаным сынам Абрагама (Авраама), таму што яго маці Агар не была распусніцай. А вось хрысціяне, на думку аўтара, паходзяць ад блудніцы Тамары[14]. Змест гэтага ўрыўка звязаны з вялікім вершаваным творам татараў ВКЛ “Паходжанне нашага народу і старшага сына Абрагама”, розныя варыянты якога сустракаюцца ў кітабах[15].
Афармленне кніг залежала ад іх значнасці, а таксама фінансавых магчымасцей заказчыка. У мусульманскай, як і ў хрысціянскай кніжнасці, галоўныя рэлігійныя кодэксы вылучаліся больш урачыстым афармленнем (вялікі фармат, каліграфічны почырк, упрыгожванні тэксту і пераплёту), кнігі паўсядзённага ўжытку (мусульманскія хамаілы, хрысціянскія святцы, малітоўнікі) былі невялікага фармату. Упрыгожванне кніг было дастаткова рэдкай з’явай, у рукапісах з калекцыі бібліятэкі яны абмяжоўваюцца ў асноўным арнаментаваным напісаннем літар у форме “басмалы” (бісмі-л-ляхи-р-рахмані-р-рахім – «У імя Аллага міласцівага, міласэрнага») у пачатку некаторых раздзелаў, а таксама ўзорамі амулетаў[16].
Кур’аны складаліся з 200 – 300 аркушаў, тэфсіры – з 400 – 500, напрыклад, «Тэфсір» 1686 г. змяшчае 518 аркушаў. Самымі маленькімі былі хамаілы – у калекцыі ЦНБ НАН Беларусі знаходзяцца хамаілы памерам ад 93 х 72 мм да 176 х 108 мм. Кітабы меншага формату і аб’ему называліся паўкітабамі – памер бібліятэчнага экземпляра – 178 х 152 мм. Парадак аркушаў у кнігах кантраляваўся кустодамі, усходняя пагінацыя прастаўлена толькі ў "Хамаіле" другой палавіны XIX ст.
Беларускія татары “апраналі” свае кнігі па-еўрапейску, у пераплёты з кардону, абцягнутага цёмнай скурай, часам переплёты па ўзору ўсходніх забяспечваліся клапанамі. Пераплёт каштоўных рукапісаў (тэфсіраў, кітабаў) даручаўся мясцовым рамеснікам, “адзенне” больш сціплых кніг (хамаілаў) не патрабавала асаблівага майстэрства, гэтым займаліся самі татары. З бібліятэчных экземпляраў звяртае на сябе ўвагу пераплёт «Тэфсіра» 1686 г. з незвычайным суперэкслібрысам – круглае цісненне (дыяметрам 2 см) з выявый птушкі на галінцы.
Беларускія татары звычайна перапісвалі кнігі ўласнаручна завостраным гусіным пяром чорным і чырвоным чарнілам дамашняга вырабу. З-за парушэння рэцэптуры чорнае чарніла разбурыла паперу па гарызантальных радках з тэкстам ў "Тэфсіры" 1686 г. Чырвонае чарніла, вырабленае з шафрану, выкарыстана ў кнігах для напісання асобных слоў і выразаў, а таксама надкрэсліванняў і інш., у «Тэфсіры» апошняй чвэрці XIX ст. і ў «Хамаіле» канца XIX – пачатку XX ст. ужо выкарыстана сінтэтычнае фіялетавае чарніла.
У арабапісьмовых кодэксах беларускіх татараў няма вялікіх літар і дзялення на абзацы. Усе кнігі напісаны мясцовай разнавіднасцю папулярнага арабскага почырка насх, выключэннем можна лічыць толькі адзін з двух почыркаў рукапісу «Тэджвіды», які падобны на турэцкі насх.
Знакі прыпынку (яны былі ў выглядзе авалаў, кружкоў з кропкай у цэнтры ці без яе) у арабаграфічных рукапісах выкарыстоўваліся рэдка. У «Кур’ане» 1854 г. і «Тэфсіры» апошняй чвэрці XIX ст. каляровым чарнілам намаляваны кружкі для абазначэння абавязковых паўз пры чытанні Кур’ана. На кожнай старонцы «Кур’ана» у канцы тэксту чырвоным чарнілам намаляваны тры кружкі. У рукапісах тэксты часта падзелены на невялікія главы, якія пачынаюцца са слова “баб" (раздзел), часам вызначаецца і канец главы “тамам” (канец). У пачатку асобных хамаілаў[17] змешчаны “Рэестр сарака Кур’анаў альбо сарака Ясінаў” з пералікам асоб (ад самога Мухаммада да сваіх блізкіх), у гонар якіх трэба чытаць свяшчэнныя тэксты.
У розных рукапісах можа сустракацца адзін і той жа тэкст, так прадмовы да Кур’ана Мустафы Ждановіча 1854 г. (Р259) і да Кур’ана Канапацкіх (Р211) з’яўляюцца варыянтамі перакладу аднаго і таго ж тэксту: Дарэчы, у "Кур’ане" 1854 г. на пачатку кожнай суры чырвоным чарнілам пазначаны яе назва, перыяд (меканскі ці медынскі) і колькасць аятаў. На палях паказана дзяленне на “джузы” і “хізбы”[18]. “Джузы” пранумераваны як еўрапейскімі (так званымі “арабскімі”), так і арабскімі лічбамі[19].
Галоўнымі метадамі вызначэння часу і месца стварэння рукапісаў былі аналіз філіграней, даследаванне пісьма і арфаграфічных асаблівасцяў тэкстаў – сукупнасць усіх гэтых прыкмет. З 14 рукапісаў толькі 2 маюць запіс перапісчыка з датай, адзін з іх – з дакладным месцам напісання[20], як правіла, дата ўказваецца часцей за месца напісання. Старэйшыя рукапісныя запісы былі зроблены на старонках “Тэфсіра” 1686 г.: 1) арк. 514а, на арабскай мове: “Перакладчык Ур'яш ібн Ісмаіл”, унізе па-цюркску: “у дзевяноста восьмым годзе ў благаславенны месяц мухаррам скончаны ў горадзе Мінску”, ніжэй – “1098” [1686]; 2) арк. 514б, на арабскай мове: “Перакладчык Ур'яш ібн Ісмаіл, імам мусульман акругі Мінска”. Дарэчы, гэтыя запісы аспрэчваюць сцвярджэнне польскага даследчыка Я. Тышкевіча пра тое, што імёны і прозвішчы перапісчыкаў з’явіліся ў калафонах толькі ў XVIII ст.[21]. Але ў запісах не ўсё зразумела. Чаму перапісчык Ур’яш ібн Ісмаіл напісаў аб сабе “перакладчык”? Вядома, што пры капіраванні кніг разам з тэкстам магло перапісвацца і імя ранейшага перапісчыка, ці перакладчыка, магчыма, так адбылося і ў гэтым выпадку. На жаль, сярод вядомых імамаў горада Мінска Ур’яш ібн Ісмаіл не згадваецца[22].
Сацыяльная база стварэння, захоўвання і ўзнаўлення рукапіснай кнігі ў прадстаўнікоў рэлігійных меншасцяў яўрэяў і мусульман была больш шырокай. Яна не абмяжоўвалася сценамі манастыроў ці маёнткаў, як гэта было ў хрысціянскім кнігапісанні[23]. Звесткі пра стваральнікаў кніг вельмі сціплыя: калі на некаторых мусульманскіх кнігах захаваліся прозвішчы перапісчыкаў, часам магчыма вызначыць аўтараў арабскіх і цюркскіх першакрыніц, імёны стваральнікаў беларускіх тэкстаў, мясцовых мусульманскіх і іудзейскіх перакладчыкаў нам невядомыя, як і ў хрысціянскім кнігапісанні, так і тут панавала ананімнасць. Можна меркаваць, што аўтары і перакладчыкі паходзілі з адукаванай эліты, якая валодала арыентальнымі мовамі і была добра дасведчана ў мясцовай літаратуры.
Крыніцай агульнага ў духоўнай культуры жыхароў ВКЛ розных канфесій была Кніга кніг – Біблія. Больш усяго агульных элементаў знаходзілі іудзеі, хрысціяне і мусульмане ў Старым запавеце, шмат апокрыфаў трапляла з іўдзейскай традыцыі не толькі ў хрысціянскую, але і ў мусульманскую кніжнасць.
Татары прынялі Стары запавет як блізкую да сваіх традыцый рэлігійную крыніцу, дапаўненне да поглядаў Кур’ана. Яны не падзялялі негатыўных адносін ісламскага веравучэння да хрысціянскіх і яўрэйскіх пераказаў Кніг адкрыцця[24]. У межах Бібліі татары вышуквалі палажэнні, што звязвалі іх рэлігію з рэлігіяй акружэння, кампанавалі біблейскія тэксты з мусульманскімі, ствараючы сінтэз абедзвюх хваляў традыцыі, з Бібліі бралі матэрыял для дыскусіі з хрысціянамі[25]. Найбольш папулярным у татараў быў арыянскі пераклад С. Буднага – "Нясвіжская Біблія" 1572 г.
Значнай падзеяй у жыцці татараў ВКЛ быў пераклад Кур’ана на польскую мову, які быў выкананы ў апошніх дзесяцігоддзях XVI – пачатку XVII ст. ананімным перакладчыкам[26], і стварэнне на беларускай і польскай мовах арабапісьмовай рэлігійнай літаратуры. Цікава, што беларуская мова гэтых дакументаў адрозніваецца ад мовы кірылаўскіх пісьмовых помнікаў, у некаторых выпадках арабскім пісьмом больш дакладна перададзена размоўная гаворка таго часу, яе лексічныя і фанетычныя асаблівасці[27].
Апрача прыкладаў уплыву беларускай культуры на татараў, трэба адзначыць гэты ўплыў і на яўрэяў. Сведчаннем узаемаўзбагачэння іудзейскай, мусульманскай и хрысціянскай культур у ВКЛ можа служыць рукапісны пераклад Бібліі на беларускую мову. На землях ВКЛ быў складзены ўласны біблейскі звод, у якім, у адрозненне ад ноўгарадскай Генадзіеўскай Бібліі 1499 г., за аснову ўзялі яўрэйскую Біблію[28]. На думку Я.Ф. Карскага, пераклад Бібліі на беларускую мову быў здейснены мясцовымі прыхільнікамі ерасі “жидовствующих” ці адукаванымі яўрэямі ў XV ст., але дайшоў да нас толькі ў віленскім зборніку XVI ст. Асаблівасцю тэкстаў рукапісу з’яўляецца блізкасць да беларускай народнай гаворкі[29]. Сучасныя даследчыкі сярод першых збораў рукапісных кніг Бібліі на Беларусі называюць таксама “Дзесяціглаў”, створаны ў 1502 – 1507 гг. у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым[30], “Пяцікніжжа”, перапісанае дзякам Фёдарам у 1514 у Вільні[31], зборнік біблейскіх кніг Ісуса Навіна, Суддзяў, Руфі, Царстваў і Эсфіры пачатку XVI ст.[32] і, нарэшце, віленскі зборнік, які па апошніх дадзеных датуецца першай палавінай XVI ст.[33]
На думку ізраільскага даследчыка П. Векслера, элементы народнай гаворкі, што прысутнічаюць у тэкстах віленскага зборніка, пацвярджаюць існаванне ў XV – XVI стст. яўрэйска-усходнеславянскай народнай мовы[34]. Я. Станкевіч у свой час адзначаў, што, магчыма, у XV – XVI стст. мясцовыя яўрэі па-беларуску размаўлялі не толькі з беларусамі, але і паміж сабой. Верагодна, для такіх яўрэяў і быў складзены віленскі зборнік, тым больш, што тэкст у ім падзелены на асобныя чытанні для ўжытку ў сінагогах. Яўрэі ўвялі шмат беларускіх слоў у сваю мову, пераклалі на беларускую мову свае рэлігійныя песні[35]. Існуюць згадкі пра тое, што ў старадаўнія часы, яны, падобна татарам, пісалі па-беларуску яўрэйскімі літарамі[36]
Мусульманская і іудзейская рукапісныя традыцыі былі дастаткова багатыя і разнастайныя, але ва ўмовах пражывання сярод пераважнай большасці хрысціянскага насельніцтва, рэпертуар іх рукапісных кніг абмяжоўваўся рэлігійнай сферай. У іншых сферах жыцця яўрэі маглі карыстацца друкаванай літаратурай на ідыш, а таксама, як і мусульмане, чытаць літаратуру хрысціянскага акружэння на беларускай, польскай, французскай, нямецкай і інш. мовах.
Татарскія і яўрэйскія кнігапісцы знаходзіліся паміж дзвюма паставамі – абароннай і асіміляцыйнай. Каб не страціць сваю этнічную асаблівасць, прадстаўнікі нацыянальных меншасцей стараліся трымацца асобна, захоўваць сваю рэлігію, мову, традыцыі. У капіраванні свяшчэнных тэкстаў яны рупліва прытрымліваліся арыентальных традыцый, матэрыял почырк і змест кніг заставаліся нязменнымі на працягу стагоддзяў. Аднак іх кніжнасць не была цалкам ізаляванай – культура акружэння істотна ўплывала на духоўнае жыццё і быт усіх нацыянальных меншасцей. Беларуская мова стала не толькі мовай паўсядзённых зносін, але і мовай рэлігійных кніг. Той факт, што прадстаўнікі нацыянальных меншасцей пераклалі сваю рэлігійную літаратуру на беларускую мову, сведчыць пра пашырэнне яе грамадска-культурнай ролі, высокі статус мовы тытульнай нацыі ў XVI ст.
Літаратурная творчасць дыяспар праявілася ў кантэксце рэлігійных і нацыянальна-культурных рухаў перыяду духоўнага пад’ёму ў ВКЛ, звязанага з Рэнесансам і Рэфармацыяй. Фарміраванне беларускай народнасці, станаўленне нацыянальнай свядомасці, пашырэнне кнігадрукавання, асветніцкай дзейнасці актывізавалі ў народаў, што ўваходзілі ў склад ВКЛ, цікавасць да сваёй гісторыі, культуры, рэлігіі, падштурхнулі на стварэнне ўласнай літаратуры. Вялікае княства Літоўскае стала цэнтрам культур многіх народаў і разам з тым радзімай нейкай "адзінай" культуры, якая ўзнікла ў выніку супрацьборства і перапляцення розных рэлігійных поглядаў і традыцый. Такім чынам, рукапісная кніжнасць Беларусі прадстаўляе сабой феномен, сутнасць якога заключаецца ў сінтэзе элементаў арыентальных культур іудаізму і ісламу з культурай хрысціянскага, але дастаткова рознароднага, акружэння.
[1] Цітавец А. Скрутак Торы // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. – Мінск: БелНДІДАС, 2002. – С. 130 – 134.
[2] Вихнович В.Л. Караим Авраам Фиркович: Еврейские рукописи. История. Путешествия. – СПб.: Петербургское Востоковедение, 1997. – С. 15.
[3] Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X – XVIII стагоддзях / Рэд. М.М. Розаў, А.С. Мыльнікаў. – Мінск: Маст. літ., 1993. – С. 61.
[4] Тов Э. Текстология Ветхого Завета. – М., 2001. – С. 196 – 197, 205.
[5] Памеры ў некаторай ступені ўмоўныя, таму што берагі палос няроўныя, пергамент дэфармаваны
[6] Drozd A. Piśmiennictwo i muhiry Tatarów polsko-litewskich / Drozd A., Dziekan M. M., Majda T. – Warszawa: Res Publica Multi Ethnica, 2000. – S. 34. Існуюць і іншыя меркаванні, напрыклад, Я. Тышкевіч сцвярджае, што мусульманскае пісьменства на землях ВКЛ узнікла ў XV ст. (Tyszkiewicz J. Z historyi Tatarów Polskich 1794 – 1944: Zbiór szkiców z aneksami źródłowymi / Wyższa Shkoła Humanistyczna w Pułtusku. – Pułtusk, 1998. – S. 60); Г. Янкоўскі і С. Лапіч звяртаюць увагу на тое, што ў мове кітабаў сустракаюцца выразы і формы, якія існавалі да XVI ст., г. зн. да з’яўлення першых перакладаў і арыгінальных тэкстаў (Jankowski H., Łapicz C. Klucz do raju: Księga Tatarów litewsko-polskich z XVIII wieku. — Warszawa: Dialog, 2000. – S. 16).
[7] Рукапісы беларускіх татараў канца XVII – пачатку XX стагоддзя з калекцыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Каталог / Уклад.: І.А. Ганчарова, А.І. Цітавец, М.У. Тарэлка.. – Мінск, 2003. – 55 с.: іл. – (На правах рукапісу).
[8] Тарэлка М.У. Старэйшы пераклад Карана на славянскую мову / Тарэлка М.У., Цітавец А.І., Раманчык В.Г. // Бібл. свет. – 2002. – № 1. – С. 19 – 20.
[9] Цітавец А.І. Тэфсіры з калекцыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі // Байрам. – 2002. – № 42. – С. 67.
[10] Мову тэкстаў можна вызначыць як віленскую пальшчызну, што ўзнікла ў выніку адаптацыі вясковым насельніцтвам рэгіянальнага варыянта польскай літаратурнай мовы ВКЛ (Тарэлка М.У. Структура арабаграфічнага тэксту на польскай мове: Аўтарэф. дыс. на атрыманне вуч. ступ. канд. філал. навук / Бел. дзярж. ун-т. – Мінск, 2004. – С. 11 – 12).
[11] Там жа. – С. 9 – 11.
[12] Сведчаннем папулярнасці “Нясвіжскай Бібліі” у татараў ВКЛ з’яўляецца таксама экземпляр Бібліі з арабапісьмовымі нататкамі на польскай цюркскай і арабскай мовах, які захоўваецца ў бібліятэцы Варшаўскага універсітэта (Drozd A. Piśmiennictwo .... – S. 31).
[13] Jankowski H., Łapicz C. Klucz do raju ... – S. 23.
[14] Тарэлка М. Пра нараджэнне Ізмаіла // Мечети и мизары татар Беларуси, Литвы и Польши: Материалы VIII междунар. науч.-практ. конф. – Новогрудок, 2003. – С. 153 – 154.
[15] Вядомы два варыянты перакладу твора (“Пра паходжанне ізмаільскага народу” і “Паходжанне нашага народу і старшага сына Абрагама”), якія адрозніваюцца сваім складам. У варыянце пад назвай “Паходжанне нашага народу...” знаходзіцца кароткі ўступ (прозай), у якім апісваецца заключэнне шлюбу Абрагама з Агар і каментуецца паходжанне Ізмаіла (Drozd A. Nowe odkrycia w badaniach nad piśviennictwem tatarskim // Rocz. Tatarów Pol. – 1994. – T. 2. – S.224). Магчыма, тэкст “Пра нараджэнне Ізмаіла” з “Паўкітаба” ЦНБ НАН Беларусі ўзяты менавіта з гэтага ўступу.
[16] Узор амулета гл. у “Хамаіле” XIX ст. (Р402) на аркушы 99б.
[17] Инв. № Р256, Р403, Р257.
[18] У адпаведнасці з патрабаваннямі культу тэкст Кур’ана падзелены на 30 джузаў і 60 хізбаў (Ислам: Энцикл. слов. / АН СССР. Ин-т востоковедения. – М.: Наука. – 1991. – 315 с.).
[19] Дзіўна, што на пачатку кожнага джуза назалежна ад яго нумара на палях напісана: “джуз дваццаты”. Магчыма, гэта памылка перапісчыка.
[20] “Тэфсір”. Мінск, 1686; “Кур’ан”.1854.
[21] Tyszkiewicz J. Z historyi… – S. 60.
[22] Drozd A. Meczety i cmentarze Tatarów polsko-litewskich / A. Drozd, M. M. Dziekan, T. Majda – Warszawa: Res. Publica Multiethnica, 1999. – S. 74.
[23]Перапіскай мусульманскіх кніг займаліся мулы, настаўнікі і старыя вернікі, якія не заўсёды мелі свецкую адукацыю (Kryczyński S. Tatarzy litewscy // Rocz. Tatarski. – 1938. – T. 3. – S. 220 – 222). Паводле яўрэйскай энцыклапедыі, кожны яўрэй павінен быў напісаць для сябе экземпляр Пяцікніжжа Майсея ці заказаць скрутак у прафесійнага перапісчыка біблейскіх кніг.
[24] Дактрына ісламу хаця і прызнае праўдзівасць Старога і Новага запаветаў абвінавачвае яўрэяў і хрысціян у скажэнні біблейскіх запісаў, спасылаючыся на тое, што пісалі яны Кнігу “сваімі рукамі” у працілегласць Мухаммаду, які дэкламаваў слова непасрэдна ў форме, перададзенай яму ад Бога пры пасрэдніцтве анёла Джабраіла (Гаврыіла).. (Drozd A. Piśmiennictwo .... – S. 13).
[25] Drozd A. Wpływy chrześcjańskie na literaturę Tatarów w dawnej Rzeczypospolitej // Pamętniki Literacki. – Wroclaw, 1997. – Rocz. 88, zesz. 3.– S. 32 – 33.
[26] А.К. Антановіч лічыў, што спачатку пераклад быў зроблены на беларускую мову і толькі потым на польскую, магчыма, з беларускай, але беларускі пераклад захаваўся толькі ў выглядзе цытат (Антонович А.К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. – Вильнюс, 1968. – С. 19).
[27] Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры / Уклад і падрыхт. тэксту Т.С. Голуб. – Мінск: Маст. літ., 1992. – С.112.
[28] Першым вопытам складання поўнага зводу біблейскіх кніг была Генадзіеўская Біблія 1499 г., узорам для яе была Вульгата, якая і вызначыла склад Генадзіеўскай Бібліі. Кнігі, што адсутнічалі ў славянскіх перакладах з грэчаскай мовы, былі перакладзены з лацінскага арыгінала (Рижский М.И. История переводов Библии в России. – Новосибирск, 1978. – 208 с.)
[29] Карский Е.Ф. Белорусы. – Пг, 1921. – Т. 3: Очерки словесности белорусского племени. 2. Старая западнорусская письменность. – С. 18
[30] Так званы “Супрасльскі зборнік” цяпер захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі РАН у Санкт-Пецярбургу (24.4.28).
[31] Бібліятэка Акадэміі навук Літвы. Аддзел рукапісаў, F19-51.
[32] Бібліятэка Акадэміі навук Літвы. Аддзел рукапісаў, F19-52.
[33] Францыск Скарына: Спадчына і пераемнікі: Анат. бібліягр. паказ. / Нац. б-ка Беларусі; аўт.-склад. Г.Я. Галенчанка; Рэд. Т.І. Рошчына. – Мінск: Красіка-Прынт, 2002. – С. 7 – 12.
[34] Wexler P. Christian, Jewish and Muslim translations of the Bible and Koran in Byelorussia: 16th – 19th centuries // J. of Byelorussian Studies. – 1988. – Vol. 6, №. 1. – P. 13.
[35] Станкевіч Я. Жыдоўскія рэлігійныя песьні пабеларуску // Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства. – Вільня, 1933. – С. 185 – 187.
[36] Пра гэтыя дакументы пісаў А. Шлюбскі (у артыкуле: Шлюбскі А. Беларуская мова арабскай транскрыпцыяй // Наш край. – Менск, 1926. – № 6 – 7. – С. 51 – 53), спасылаючыся на артыкул: Бядуля З. Рукапіс чорнакніжніка XVIII веку // Вольны Сьцяг. – 1921. – № 5.
© Цітавец А.І., 2004