Ю.М. Лаўрык

Беларускія кніжныя інскрыпцыі XVI – XVIII ст.

 

Уступ

     Да апошняга часу тэма беларускіх кніжных пазнакаў[1], а ў прыватнасці інскрыпцый, заставалася фактычна паза ўвагаю гісторыкаў кнігі. Нe лічачы некалькіх невялікіх публікацый, якія, галоўным чынам, апісваюць пазнакі ў тым ці іншым кнігазборы[2] (прычым, звычайна не беручы пад увагу нацыянальнае паходжаньне надпісу), даследаванняў гэтае тэмы брак — і, перадусім, брак даследаванняў абагульняльных. Безумоўна, у большасці з названых публікацый ажыццёўлены спробы сістэматызаваць разгляданыя інскрыпцыі (найболей удалая, бадай, належыць сп-ні А.Шумовіч з Полацку), аднак, ніводная з іх ня можа быць прызнана за вычарпальную. Прычына, трэба думаць, ляжыць у, так-бы мовіць, „карпарытыўнасці” гэтых даследаванняў, якія, вывучаючы пазнакі ў пэўнай бібліятэцы ці музэі, цалкам ігнаруюць інскрыпцыі з „чужых” кнігазбораў. Паза тым, амаль не рабілася спробаў вылучыць з усяго масіву менавіта беларускія надпісы ці пазнакі, а названыя даследаваньні пісаліся, ў значнай меры, на падставе расейскіх ды ўкраінскіх інскрыпцый — хаця тыя і месцяцца нярэдка на беларускіх старадруках. Возьмем дзеля прыкладу згаданы рэфэрат cп-ні A.Шумовіч (зазначыўшы пры тым, што ніякім чынам не маем намеру зменшыць вартасць гэтае працы). З усіх працытаваных у ім надпісаў толькі 1 з’яўляецца безумоўна беларускім, ды яшчэ 1-2 гіпатэтычна могуць такімі быць. Гэта аўтаматычна ставіць чытача перад немагчымасцю скласці ўяву пра шляхі развіцця айчынных інскрыпцый на падставе згаданага артыкулу. І гэткая сітуацыя, у большай ці меншай ступені, датычыць амаль усіх згаданых публікацый, бо — паўторымся — мэту выбару і апублікавання пазнакаў менавіта беларускіх бібліёграфы перад сабой папросту ня ставілі.

Таму дзеля вывучэння беларускіх інскрыпцый аўтарам гэтых радкоў быў праведзены пошук у фондах рэдкай кнігі буйнейшых нашых кнігазбораў — Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Фундамэнтальнай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Прэзыдэнцкай бібліятэкі, Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане, а таксама ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў Менску (прычым, выкарыстоўваліся і публікацыі каталогаў ды апісанняў гэтых фондаў[3]).

Вывучэнне беларускіх інскрыпцый у замежных бібліятэках (за выключэннем лонданскай Скарынаўкі) — з увагі на немагчымасць азнаёміцца з імі візуальна — вялося, галоўным чынам, на падставе апублікаваных каталогаў калекцый старадрукаў.[4] Вельмі карыснымі для нас аказаліся і зробленыя Я.Л.Неміроўскім, а асабліва Г.Я.Галенчанкам, апісанні скарынаўскіх кніг і іхных рукапісных копіяў, што захоўваюцца ў біблятэках Беларусі, Расеі, Украіны ды Чэхіі.[5] Браліся пад увагу таксама і даследаванні па гісторыі кнігі, на якія ў кожным канкрэтным выпадку даецца спасылка. Дзякуючы праведзенай працы ўдалося выявіць шэраг беларускіх надпісаў XVIXVIII ст., якія мы і разгледзім ніжэй. З увагі на аб’ём артыкула мы будзем імкнуцца падаваць толькі найбольш характэрныя прыклады. Перад тым, аднак, належыць крыху спыніцца на крытэрыях адбору.

Вялікую праблему пры падборы матэрыялу складала вызначэнне храналогіі інскрыпцыяў, якія далёка не заўсёды бываюць датаваныя (дакладней кажучы, датаваліся зазвычай толькі надпісы ўкладныя, дарчыя i, зрэдку, уласніцкія ды радаводна-летапісныя). Галоўнай падставай для храналагічнай ідэнтыфікацыі служылі палеаграфічныя характарыстыкі, дзе гэта было магчыма (зробленыя „дэ візу” ці паводле заўваг укладальнікаў каталoгаў), а таксама згадкі ў тэксце пра вядомых асобаў, падзеі або гістарычныя рэаліі. Натуральна, інскрыпцыі на кніжным блoку не маглі паходзіць з часу, ранейшага за саму кнігу.

Паколькі нас цікавілі інскрыпцыі менавіта беларускія,[6] дык найбольшай, бадай, праблемай было вызначэнне іхнага паходжаньня. Складанасць, перш за ўсё, палягала ў тым, што аўтэнтычныя беларускія надпісы таго часу існуюць у чатырох, як мінімум, мовах: старабеларускай, царкоўна-славянскай, польскай і лацінскай;[7] прычым тры апошнія ў большай ці ў меншай ступені выконвалі ролю міжнародных. У гэтай сітуацыі зыдэнтыфікаваць інскрыпцыі як адназначна беларускія паводле моўных характарыстыкаў можна толькі ў тым выпадку, калі яны зробленыя па-старабеларуску або таксама на царкоўна-славянскай ці польскай мовах з элементамі беларускай.[8] Лягчэй за ўсё было вызначацца зазвычай з мовай царкоўна-славянскай, бо ёй беларусы валодалі горш, чым польскай — асабліва ў ст. XVIІXVIII, хоць дзеля справядлівасьці трэба заўважыць, што нярэдка праблемы паўставалі менавіта пры спробах разрознення царкоўна-славянскіх надпісаў беларускага і ўкраінскага паходжання — з увагі на шэраг супольных граматычных рысаў гэтых моваў.

Паза моўнымі прыкметамі, пры вызначэнні паходжання надпісаў маглі аказвацца дапаможнымі згадваныя ў гэтых надпісах геаграфічныя пункты і аб’екты, этнічныя формы імёнаў, назвы грошай пры падаванні заплачанай за кнігу цаны, а таксама — палеаграфічныя характарыстыкі (напр., беларускі скорапіс). Нярэдка пры правядзенні ідэнтыфікацыі паасобных інскрыпцыяў выкарыстоўваліся адмысловыя для кожнага выпадку прыёмы ў разважаннях. Праілюструем гэта на прыкладзе інскрыпцый са Службоўніка 1692 г.,[9] якія мы будзем узгадваць у нашай працы ніжэй. У гэтым Службоўніку, на розных старонках, прысутнічаюць два польскамоўныя надпісы, адзін з каторых датаваны 1752 г. Паколькі ў абодвух інскрыпцыях выступае імя святара Дамініка Шаркоўскага (паводле другой з іх, ён — плябан Сапоцкінскае царквы), дык мы маем поўнае права меркаваць, што недатаваны надпіс таксама паходзіць з XVIII ст., і абедзве інскрыпцыі можна залічыць да беларускіх з увагі на аўтара — бо той, як мінімум, жыў на Беларусі. Геаграфічную прывязку мы вызначылі паводле назвы Сапоцкіна; і калі-б нават не ведалі, што гэтае мястэчка знаходзіцца пад Гародняй, дык ягонае месцазнаходжаньне можна было-б “вылічыць” праз тое, што Шаркоўскі называе сябе паддзеканам гарадзенскім, а значыць, ягоная парафія мусіла належаць да гарадзенскага дэканату. Далей, само выданне змяшчала багаслужбы паводле бізантыйскага абраду і было ажыццёўлена віленскай Троіцкай друкарняй, якая ў XVIII ст. належала грэка-католікам. Адсюль можна зрабіць выснову, што і Сапоцкінская царква, у якой кніга выкарыстоўвалася, хутчэй за ўсё, была вуніяцкай (тым больш, што і падзел на дэканаты ўласцівы для царквы грэка-каталіцкай, але не для праваслаўнай). Праверым зробленыя высновы паводле незаменнай для нас працы польскага даследчыка В.Коўбука Цэрквы ўсходняга абраду ў Рэчы Паспалітай к. 1772 г., якая даволі поўна прадстаўляе сетку праваслаўных і вуніяцкіх цэркваў ды манастыроў у Рэчы Паспалітай апошняй трэці XVIII ст. Паводле гэтага даведніка, сапраўды ў Сапоцкіне мелася грэка-каталіцкая царква Ўнебаўзяцця Багародзіцы,[10] а значыць, нашы меркаванні пацвердзіліся. Мы наўмысна паказалі тут, ва ўступе, ход нашых думак у гэтым канкрэтным выпадку, каб далей у артыкуле не займаць месца абгрунтаваннем беларускасці і храналагічнае адпаведнасці кожнага надпісу.

Тым не менш, мусім прызнаць, што ў некаторых выпадках, беларускае паходжанне інскрыпцый так і засталося гіпатэтычным. Асабліва гэта датычыць пэўных катэгорый надпісаў, а менавіта: а) надпісаў тыпа „пробы пяра” — бо яны, найчасцей, занадта кароткія для моўнага аналізу і не змяшчаюць геаграфічных ці анамастычных прывязак; б) малітоўных і пабожных тэкстаў — бо яны існуюць у мове царкоўнага ўжытку сваёй канфесіі і зазвычай не дапускаюць размоўных „адхіленняў”; в) чытацкіх рысункаў[11] — з прычыны адсутнасці тэксту як такога. Такім чынам, крытэрыям для вызначэння паходжання першых дзвюх катэгорый часам можа служыць (і тое, у найлепшым выпадку!), толькі палеаграфічная характарыстыка; для трэцяй-жа катэгорыі нават і такі спосаб не падыходзіць. У некаторых выпадках наяўнасць на пэўным паасобніку іншых, выкананых тымсамым атрамантам ды пісьмом і, разам з тым, зыдэнтыфікаваных інскрыпцый можа сведчыць пра паходжанне незыдэнтыфікаваных. У іншых-жа — пры вызначэнні беларускасці паходжання складаных для ідэнтыфікацыі надпісаў ды выяваў мы прынялі за прынцып тое меркаванне, што прысутнасць іх на кнізе беларускага выдання, а тым болей, адсутнасць на апошняй іншанацыянальных пазнакаў, даюць нам права з большай ці меншай ступенню імавернасці дапускаць, што й аналізаваны надпіс ці рысунак мае беларускае паходжанне. Калі-ж размова йдзе пра лацінічныя надпісы вывучанага пэрыяду, якія месцяцца на кірылічных беларускіх кнігах — асабліва богаслужбовых, дык верагоднасць таго, што гэтыя запісы зроблены беларусамі або паходзяць з тэрыторыі Беларусі (ці, у скрайнім выпадку, з Украіны), узрастае амаль да пэўнасці.

 

Сабраны ў часе нашага даследавання матэрыял дазволіў сістэматызаваць беларускія пазнакі паводле іхнага віду пазначэння і тэкставага характару, а таксама вылучыць пэўныя рысы, гэтым пазнакам уласцівыя. Усе беларускія пазнакі разгляданага перыяду належаць да аднаго з трох, адрозных паводле спосабу пазначаньня, відаў — а менавіта інскрыпцый, экслібрысаў ці супер-экслібрысаў. У гэтым нашым артыкуле, зноў-жа з увагі на аб’ём, мы разгледзім толькі першыя.

Інскрыпцыі — гэта адручныя надпісы на кнігах, зробленыя ўладальнікамі, чытачамі, аўтарамі, выдаўцамі, інтралігатарамі ці іншымі асобамі. Надпісы гэтыя можна падзяліць паводле характару тэкставага запісу на: 1) правіненцыйныя; 2) тэкстава-маргінальныя; 3) актавыя і радаводна-летапісныя; 4) малітоўна-пабожныя; 5) літаратурныя, фальклорныя і мудрасныя; 5) забаўляльнага характару і, урэшце, 6) г.зв., „пробы пяра”.

 

 

1.      Правіненцыйныя

     Правіненцыйныя інскрыпцыі (ад позналац. provinientia - паходжанне) — гэта надпісы на кнізе, якія тым ці іншым чынам указваюць на яе колішнюю прыналежнасць да пэўнай асобы ці інстытуцыі, то бо інфармуюць, з чыйго збору дадзены паасобнік выдання паходзіць. У разгляданы пэрыяд сярод асабовых уласнікаў кніг найчасцей выступаюць прадстаўнікі клеру, багатага мяшчанства, заможнай шляхты і, асабліва, магнатэрыі. Сярод інстытуцыяў, што пазначалі кнігі як сваю маёмасць, пераважаюць цэрквы, манастыры, вучэльні і т.п.

Правіненцыйныя інскрыпцыі складаюць самую вялікую групу надпісаў. Сярод іх, у сваю чаргу, можна вылучыць меншыя групы, а менавіта: уласніцкія, дарчыя, укладныя і купчыя надпісы.[12] Прыгледзімся да гэтых групаў больш уважліва.

 

Ўласніцкія надпісы ўпрост гавораць, што кніга з’яўляецца маёмасцю той ці іншай асобы або інстытуцыі. Зазвычай яны выкарыстоўваюць пэўныя формулы, якія залежаць ад мовы, ужытай у інскрыпцыі. Так, беларуска- і царкоўна-славяна-моўныя надпісы найчасцей пачынаюцца словамі: “Сія кніга (есть)…” або проста “есть” (слова “кніга” таксама можа замяняцца назваю канкрэтнага тыпу выдання); сустракаецца часам і адпаведнік папулярнай лацінскай пазнакавай формулы: “З кніг …” (варыятыўна: “Ад кніг …), а асобы, што займаюць найвышэйшыя свецкія ці духоўныя пасады, нярэдка пазначаюць кнігі запісам свайго імя з дадаткам: “міласцю божай …”.

Традыцыйная формула — Ex libris…” (З кніг …”) — так і застаецца ўжывальнай у лацінскіх надпісах, а поруч з ёй часта выступае іншая — “Рossesor huius libri(Уладальнік гэтае кнігі …”) або ейны скарот: “Рossesоr”, а таксама “Нic liber est(Гэтая кніга належыць…”). Адменная формула прыналежнасці кнігі ўжывалася ў езуіцкіх калегіях. Большая частка езуіцкіх кніг мае надпіс, збудаваны паводле ўзору: “Inscriptus Catalogo librorum CollegiiSocietatis Jesu” (“Ўпісана у каталёг кніг Калегіі … Таварыства Ісусавага”); сустракаюцца і скарочаныя формы: “Coll. S.J. …” ці “Collеg. … Soc. Jesu”.

Падобныя скарочаныя мадэлі складання інскрыпцыяў характэрныя і для бібліятэк, што належалі рыма-каталіцкім згуртаваньням і вордэнам. Паза тым, кляшторныя бібліятэкары выпрацавалі для пазначэньня сваіх кніг адмысловыя формулы з ужываньнем тэрміну “comparavit” (“падрыхтаваў, сабраў, апрацаваў, здабыў”): “Frater … comparavit” (“Брат… падрыхтаваў”) або “Pro biblioteka … a … comparavit” (“Для бібліятэкі … (такога а такога кляштару) … (такі а такі сьвятар) падрыхтаваў”).

У польскамоўных інскрыпцыях найчасцей выкарыстоўваецца запазычанае з лаціны “Рossessor…” (часам “Рossessеr…”) альбо скарочаны ці поўны пераклад гэтае лацінскай формулы: “(Тey xiążki) właściciel…”. Інстытуцыйныя-ж запісы, асабліва царкоўныя, нярэдка будуюцца паводле мадэлі: „Теn mszał (apostoł etc.) należy do…” („Гэты служэбнік (апостал і г.д) належыць …), якая, быць можа, выводзіцца з прытачанае на пачатку раздзела царкоўна-славянскае формулы. Зрэшты, нярэдка — і зусім незалежна ад мовы інскрыпцыі — згаданыя формулы ўвогуле ігнаруюцца і запісваецца проста назва інстытуцыі або імя ўладальніка (часам з “праўным” удакладненнем, што піша ён уласнаручна) у назоўным ці родным склоне.

Зазвычай уласніцкія інскрыпцыі месцяцца на кнігах, што належаць людзям высокароджаным або, прынамсі, багатым і адукаваным — манархам, магнатам, заможнай шляхце, гарадской вярхушцы ды духавенству. Гэта зусім ня дзіўна, бо толькі вышэйшыя колы і мелі дастаткова сродкаў, каб купляць кнігі дзеля задавальнення сваіх чытацкіх патрэбаў, а святары і пэўны, даволі нешматлікі слой грамадства, які мы ўмоўна назавем “свецкай інтэлегенцыяй”, мусілі мець пэўныя выданні для выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў. Зрэшты, апошнія дзве катэгорыі становяцца больш шырока прадстаўленымі ва ўласніцкіх надпісах толькі ў XVIІІ ст., калі кніга значна таннее.

Шляхта і арыстакратыя найчасцей падпісвалі свае кнігі па-польску або на лаціне, а мяшчане нярэдка звярталіся і да паслугаў роднай мовы. Рыма-каталіцкі клер зазвычай аддаваў перавагу лаціне, у той час як праваслаўны і вуніяцкі ў большасьці выпадкаў ужываў царкоўна-славянскае ці беларускае (нярэдка нават і ў спаланізаваным ХVІІІ ст.!) ды польскае моваў. Зрэшты, адукаваныя герархі усходніх цэркваў таксама могуць бліснуць час ад часу веданьнем лаціны. Падобна і вуніяцкія манастыры падпісваюць сваю ўласнасць па-беларуску або па-польску, радзей — на лаціне. Зрэшты, усе гэтыя абагульненні ў пэўным сэнсе ўмоўныя, бо адзін і той-жа ўладальнік мог пазначаць сваю кнігу (ці кнігі) не толькі на розных мовах, але й рознай графікай у межах адной мовы. Сустракаюцца нават запісы, дзе адначасова ўжыты і кірыліца, і лацінка, прычым пачатак слова можа быць напісаны лацінскімі літарамі, а канец — кірылічнымі ці наадварот.

Ніжэй мы ўбачым характэрныя ўзоры апісаных вышэй выпадкаў.

 

Некалькі прыкладаў уласніцкіх інскрыпцыяў на розных мовах прысутнічае на паасобніку Апостала Спірыдона Собаля (Магілёў, 1638 г.), што захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.[13] Напрыклад, на арк. 5а знаходзіцца адзін з ранейшых задпісаў: „Естъ: нацерквохъ: С[вя]той Софіи”. Пазней кніга трапіла да полацкага бурмістра, які, скрэсьліўшы іншую, укладную, нататку, пакінуў запіс: “Burmistrza Połockiego Szczyhalskiego”; яшчэ адна ягоная інскрыпцыя, на жаль, цяжка расчытальная пасьля абрэзкі кнігі, прысутнічае на арк. 13а.

Інскрыпцыі іншых асобаў (у т.л., таксама і бурмістраў) можна сустрэць на адным з канвалютаў скарынавых кніг, што захоўваюцца ў пецярбурскай Расейскай нацыянальнай бібліятэцы. Напрыклад, там прысутнічае мяшаны лацінска-польскі ўласьніцкі надпіс XVII ст., які, аднак, не патрабуе адмысловага перакладу на беларускую мову: “Stephanus Burmisterz Smolensky Zukow”.[14] Гэтая інскрыпцыя месціцца на аркушох, якія, праўдападобна паходзяць з іншага канвалюта – былой уласнасці А.Фралова.[15] На канвалюце Фралова, ў сваю чаргу, ёсць яшчэ некалькі запісаў, звязаных з Жукавымі (ці, йначай, Жуковічамі): “Сия книга cмоленского …, Артемона Семёновича Жукова 171 [1663?][16] года”, “Федор Семенович Жукович рукою уласною” і „Possessaristius [=Possessor istius?][17] libri Stephanus Zukow burmistrz Smolenskiy”.[18] Прысутнічае на гэтым канвалюце і ўласніцкі польскамоўны надпіс іншае асобы, які натуе толькі імя і паходзіць, мяркуючы паводле падвойнага “ll” y слове “Michall”, з ХVІІІ ст.: (Галенчанка, што праўда, датуе гэты запіс ХVІІ ст.): “Michall Ropaliewicz Rękę sw.”)[19]

Існуюць падобныя інскрыпцыі і па-беларуску, як, напр., рукапіснай копіі скарынаўскага Апостала з ЦДГА ў Санкт-Пецярбурзе: “Есиф попович городенскиі рукою власною”.[20] Цікава, як паводле надпісаў на кнізе мы можам сачыць за лёсам ейнага ўладальніка. Так, напрыклад, у іншым месцы таго-ж Апостала згаданы паповіч Язэп ўжо выступае ў якасці святара (і піша па царкоўна-славянску!): “Сия книга, глаголемая Ап[о]с[то]л раба божія иерея грешнаг[о] Есифа….[21] Як бачым, адная і тая-ж асоба можа ў розных сваіх інскрыпцыях выкарыстоўваць розныя формулы і розныя мовы.

Вельмі цікавыя пазнакі нясе, паводле Каталога книг кириллической печати XVXVII вв.[22], паасобнік Катэхізма Сымона Буднага са збораў бібліятэкі МДУ. На ім у розных месцах прысутнічаюць зробленыя скорапісам інскрыпцыі беларускіх манархаў — каралёў і вялікіх князёў — Жыгімонта ІІІ Вазы ды Стэфана Баторыя: „Жикамонт третии бож[и]ю м[и]л[о]с[ти]ю король польскии великии княз[ь] литовскии прускии жомосщкии мазовецкскии” і „Стефан король”. Прытачэнне ў інскрыпцыі звестак пра тытулы, пасады і т.п. ўладальніка залежала толькі ад волі і жадання кожнае канкрэтнае асобы. Уласніцкі-ж надпіс самога Буднага публікуе Галенчанка ў сваёй працы Идейныя и культурныя связи восточно-славянских народов в XVIXVII в.в.: „Сімон Будъный. АФНЗ [1557] у Вилкяриих”.[23]

Афарыстычны лацінскі надпіс з выкарыстаннем формулы hic liber est” месціцца на скарынаўскай Кнізе Выйсьця са збораў Музэю украінскага мастацтва ў Львове „Hic liber est meus testis est Deus” („Гэтая кніга — мая, сьведка таму Бог”).[24] На жаль, чыя канкрэтна гэтая кніга, аўтар інскрыпцыі не пазначыў. Здаецца, гэты надпіс мусіў выконваць і магічна-засьцерагальную функцыю. Такую самую інскрыпцыю можна знайсці і на Длугашавай працы Historia Polonica (Lipsiae, MDCCXII [Ляйпцыг, 1712]) са збораў Нацбібліятэкі РБ. Паўтораная двойчы, яна месціцца на фарзацы выдання; вышэй над ёй знаходзіцца і зроблены, здаецца, той самай рукой надпіс „Janusz korybut Xiążę”, што дае падставы прыпісаць аўтарства ўсіх названых інскрыпцыяў на апісваным выданьні пэўнаму князю Янушу гербу “Карыбут” — трэба думаць, Янушу Антону Карыбут-Вішнявецкаму (1680-1741), які ў розны час быў старостам пінскім, падчашым літоўскім, надворным маршалкам літоўскім, кашталянам, а потым і ваяводам віленскім, і г.д.

Лацінамоўны надпіс, з выкарыстаннем формулы Ex libris…”, належыць ці не першаму ўладальніку выданьня Jnwentarz nowy praw, Statutow, Konstytucyi koronnych, y W.X.Litew[skiego] (Варшава, 1754 г.)[25] — мазырскаму падкамораму Міхалу Яленскаму; інскрыпцыя прысутнічае на тытульным аркушы кнігі: „Ex libris Mi/chaelis Jelenski Succamerarii Distri/ctus Mozyriensis: / Constat Varsaviae / 1755 Anno Ungaw[?] / 4i” (“З кніг Міхала Яленскага, падкаморыя павету мазырскага. Пазначана ў Варшаве 1755 Году Памаз[анца?] 4 [чэрвеня/ліпеня?]”). Насупраць – ужо польскамоўны надпіс ягонага нашчадка Гедыёна Яленскага, які таксама дублюецца на абароце фарзацнага аркуша: “Posesser Gedeon Jelenski / Starosta Sądowy Mozyrski: / Pisarz Dekretowy W.X.L. / Varsaviae Anno D[omi]ni 1776 aprila 6.” (“Уладальнік [гэтае кнігі] Гедыён Яленскі, cудовы cтароста мазырскі, дэкрэтавы пісар В[ялікага]. К[няства]. Л[ітоўскага]. У Варшаве году Г[аспо]дняга 1776 красавіка 6 [дня]”). На самім фарзацным аркушы гэтага-ж выдання прысутнічае яшчэ адзін, пазнейшы (з 1790 г.) слаба расчытальны надпіс Гедыёна Яленскага, дзе той падпісваецца ўжо ня толькі як “Starosta Mozyrski”, але таксама як “Kasztelan Nowogrodzki”.

На Паследаванні малітваслова віленскага выдання 1773 г. месціцца польскамоўны надпіс з ХVІІІ ст.: „Stanislaw Nestorowicz Tey Xigzki Wlasciciel[26] (відаць, недакладна ўзноўлены з поваду браку адпаведнага шрыфту — правільнае напісанне было-б: „Stanisław Nіestorowicz Tey Xiążki Właściciel”; зрэшты, ў той час характэрныя польскія гукі нярэдка перадаваліся традыцыйнай лацінскай графікай).

З асабовых інскрыпцыяў духавенства варта прытачыць запіс беларускага вуніяцкага дзеяча, протаархімандрыта базыльянаў і мітрапаліта кіеўскага, Рафала Корсака, што знаходзіцца на скарынаўскай Кнізе суддзяў са збораў Навуковай бібліятэкі МДУ; яго публікуе Галенчанка: „Ра[фа]ил Корсак божою м[и]л[ос]тю”.[27]

Правіненцыі некалькіх святароў, што, відаць, заступаючы па чарзе на той самы прыход, наследавалі адзін аднаму і дадзеную кнігу, да прыходу прыналежную, месціцца на тытульным аркушы паасобніка Евангелля вучыцельнага (Крылас, 1616): „З книг Василія Бленковского, протопопи воронцкого”, „От кни[г] грешнаго Іосифа Лазаревича протопопи вороницског[о][?]”, „З книгъ Гавриила Луповского протопопи вороницского”.[28] У XVIІІ ст. у Варонічах (менскае ваяводства) была грэка-каталіцкая царква пад закліканнем арханёла Міхала.

Лацінская інскрыпцыя, якая належыць каталіцкаму святару — цяжка сказаць, рымскага ці бізантыйскага абраду — месціцца на паасобніку Кішкавага выдання Kazań i Homilii Іпата Пацея (Супрасль, 1714) з калекцыі Дзяржаўнага музея гісторыі і культуры Беларусі: „Ego Sum Possesor / Xdz Jaroszewski” („Я з’яўляюся ўладальнікам [гэтае кнігі.] / Кс[ён]дз Ярашэўскі”).[29] Запіс зроблены на пустой старонцы перад пачаткам першага казання.

Шэраг іншых характэрных уласніцкіх лацінамоўных напісаў з XVIII ст. знаходзяцца на кнігах, апісаных у амэрыканскім каталогу старадрукаў Rare Polonica in the New York Public Library. На жаль, гэты каталёг прадстаўляе матэрыял вельмі пабежна, і ў графе provinance далёка не заўсёды можна нават адрозніць, што цытуецца — надпіс на экслібрысе ці інскрыпцыя. Тым не менш, у некаторых выпадках мы можам зразумець, што размова йдзе пра адручны запіс. Так, на віленскім 1742 г. выданне пад тытулам Arae Alexandrisub fortunatissimum cum Palatinis fascibus змяшчаецца ўласніцкі надпіс, які належыць дамініканіну Людвіку Грыневічу: „Fr[atr]is Ludovici Hryniewicz Sacrae Theo[logiae] Lectoris Ord[inis] Praed[icatorum]” (“Бр[ат]а ворд[эну] прапав[еднікаў] Людвіка Грыневіча, Сьвятое Тэа[логіі] выкладчыка”).[30] А на панегірыку намінаванаму арцыбіскупу смаленскаму Гераклію Лісянскаму Gratulatio illustrissimo … Heraclio Lisanski, Designato archiepiscopo Smolecensi monasterii S.Onofrio…, выдадзеным у Вільні базылянамі ў 1773, напісана, што гэты паасобнік паходзіць з кніг базыляніна Ігната Бараноўскага: „Ex libris Ignatii Baranowski Ord[inis] B[asilii] M[agni]” („З кніг Ігната Бараноўскага, [манаха] В[ордэну] Б[азыля] В[ялікага]”).[31]

Дарэчы, распавядаючы пра ўжыванне формулы “Ex libris …”, зазначым, што ў Нацбібліятэцы Беларусі на шэрагу кніг — у прыватнасці на розных тамох Historiae Ecclesiasticae (Basileae, 1560-я)[32] — прысутнічаюць разнастайныя лацінамоўныя запісы Г. Каніскага з выкарыстаннем гэтае формулы, напр.: “Ex Libris Georgij Koniskj / Archimandritae et Rectoris Academiae Kioviensis” („З кніг Георгія Каніскага, Архімандрыта і Рэктара Кіеўскае Акадэміі”). А на кнізе М.Нізолія Брусэльскага In M.T.Cicerem observationes (Lugduni, M.D.LII), таксама са збораў Нацбібліятэкі, прысутнічае інскрыпцыя піяра Яна Лашкевіча: “Ex libris P[atris]. Joannis Laszkiewicz, [Ordinis] Scholar[um] Piar[um]” („З кніг Айца Пабожн[ых] Школ[аў] Яна Лашкевіча ”).[33] Такім чынам, мы бачым, што гэтая формула актыўна выкарыстоўвалася ў лацінскіх надпісах і рыма-каталікамі, і вуніятамі, і праваслаўнымі. Што-жа да ўласніцкіх запісаў Каніскага, дык ён выкарыстоўваў і іншыя лацінскія правіненцыйныя формулы, напрыклад “ex numero librorum…” (“з ліку кніг…”) i “pertinet…” (“належыць…”): “E[x] numero Librorum Episcopi Albae Russiae Georgij / Koniski 4. Tomi Constant. rubl. 16” (“З ліку кніг Эпіскапа Беларускага Георгія Каніскага. Складаецца з 4-х тамоў. [Каштавала] 16 рубл.”) на 3-м томе выданьня Novus linguae latinae thesaurus  M.Геснэрa[34] i “Pertinet ad Libros / Georgij Koniski / Episcopi Albae Russiae / descr[i]pta de Librorum / numero Reverendis[simi]. / Pastoris Evangelico / Reformati Copiscensi / D.Musskj. [?] ” (“Належыць да кніг Эпіскапа Беларускага Георгія Каніскага. Адпісана зь ліку кніг найвялебнейшага пастыра эвангеліку рэфармату копыскаму П[ану] Мускаму [?]”) на працы Аўгустына Марлёрата Novi Testamenti catholica expositio Ecclesiastica (Genevae, M.D.LXVIIII).[35]

На заканчэньне гэтага падраздзела яшчэ крыху затрымаемся пры інскрыпцыях інстытуцыйных бібліятэк — то бо, кнігазбораў, што належалі навучальным установам, цэрквам і манастыром. Так, на 5-м томе парыскага выдання твораў Яна Златавуснага (Тomus quintus et ultimus operum divi Joannis Chrisostomae Parisiis, 1570) месціцца інскрыпцыя XVI ст., прастаўленая бібліятэкарам Нясвіскай езуіцкае калегіі: “Inscriptus Catalogo librorum Collegii Niesvisiensis Societatis Jesu” (“Ўпісана у каталёг кніг Калегіі Нясьвіскай Таварыства Ісусавага”).[36] А скарочанае лацінамоўнае выданне Вызнанняў св.Аўгустына (Confessio Augusiniana in libros quatuor distributa Dilingae, M.D.LXIX) нясе аналагічны надпіс XVII ст., які паведамляе пра прыналежнасць кнігі да бібліятэкі Аршанскае езуіцкае калегіі: “Inscriptus Catalogo librorum Collegii Orsensis Societatis Jesu”.[37]

Больш кароткая езуіцкая інскрыпцыя месціцца на тытульным аркушы 1-га з 4-ох тамоў Тэалагічных камэнтароў Рыгора з Валентыі (Gregorii de Valentia Commentariorum theologicorum tomі quatuor. Venetiis, MDXCII): “Coll. S.J. Polociae(Кал[егіі] Т[аварыства] І[сусавага] ў Полацку”). Пазней у гэтым надпісе слова “Polociae” было скрэслена, а зверху надпісана: “Vitebsci” (“у Віцебску”).[38] Гэта дае нам падставы меркаваць, што калегіі маглі перадаваць дублеты са сваіх фондаў у бібліятэкі іншых калегіяў, падобна як гэта мае места сёння між дзяржаўнымі бібліятэкамі. Калі кніга перайшла ў бібліятэку віцебскіх езуітаў, на ейным тытулёвіку і фарзацы былі прастаўленыя таксама і бібліятэчныя шыфры: “Litera Alph. C — №25. Т.1”. Іншая інскрыпцыя, што пазначае яшчэ адну кнігу са збораў Віцебскае калегіі — Сonsiliorum omnium … volumen quintum (Venetiis, MDXCII) — прапануе крыху іншую форму: “Colleg. Vitepsiensis Soc.JESU” (“Віцебскай Калег[іі] Тав[арыства] Ісусавага”).[39]

Падобнага тыпу скарочаныя надпісы, зрэшты, увогуле ўласцівыя рыма-каталіцкім вордэнскім і кангрэгацыйным бібліятэкам. Прыкладам могуць служыць дамініканскія інскрыпцыі на кракаўскім 1614 г. выданні żywotów świętych П.Скаргі: “Conventus Novogrodensis Or[dinis]. Praedicatorum” і “Conventus Novogr. Ord[inis]: Praed:” (“Наваградзкага Канвенту Вордэну [Братоў] Прапаведнікаў”).[40] А для ілюстраваньня формулы “cоmparavit” прыточым некалькі раз паўтораны ў розных варыянтах надпіс на паасобніку кнігі Skarby niebieskich taiemnic (s.l., 1698): “Pro Bibliotheca Conventus Bychoviensis Can[onicorum]: Reg[ularum]: Latt[eranorum]: / comparavit A.[?]R[everendus].Dominus] Stephanus żołkowski Praepositus”.[41]

На віленскім Службоўніку 1692 г.[42] прысутнічае інскрыпцыя Сапоцкінскае вуніяцкае царквы, запісаная плябанам Дамінікам Шаркоўскім: “Mszał ten służący cerkwi Sopoćkińskiej x[iądz]. Dominik Szarkowski poddziekan Grodzieński paroch Sopoćkiński” (“Службоўнік гэты, што выкарыстаўваецца ў Сапоцкінскай царкве, кс[ёндз] Дамінік Шаркоўскі, паддзекан гарадзенскі, парах Сапоцкінскі [падпісаў]”). Запіс, як здаецца, недакончаны; быць можа, ён быў да канца не расчытаны ўкладалнікам каталогу альбо ягоная частка страчана). Падобны надпіс: “Теn Mszał należy do Cerkwi Czerejskiej S.Uspienskiey” (“Гэты Службоўнік належыць Чарэйскай Свята-Успенскай Царквe”) — знаходзіцца на супрасльскім Службоўніку 1727-1732 гг. са збораў Нацыянальнай бібліятэкі.[43]

Уласніцкі надпіс былога Буйніцкага манастыру прысутнічае на еўеўскім Евангеллі вучыцельным 1616 г., што захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы: “Сия книга Монастыря Общежительнаго[?] Буйнич[с]каго[?]”.[44] На пачатку гэтага-ж паасобніка месціца, яшчэ адна інскрыпцыя, падобна, таксама буйніцкая (сп-ня Г.У. Кірэева, аднак, мяркуе, што яна належыць Куцеінскаму манастыру[45]): “Сея Ев[ан]г[е]лiе Учительное // Монастыра … // з Року ахп [1680] м[еся]ца декаврiя кг[?] [23?] Дня JR[SR?=Superior?] J[ego]m[ość] X[iądz] [подпіс нрзб.]”[46]).

Некалькі куцеінскіх інскрыпцыяў апублікаваў новаерусалімскі архімандрыт Леанід, апісваючы ацалелыя рэшткі бібліятэкі Іверскага манастыру на Валдаі, куды была пераселеная куцеінская брацця падчас вайны з Маскоўшчынай: “Сія книга Тріодь монастыря общежительнаго Кутеинскаго, церкви св.Богоявленія Господа нашего Ісуса Христа” на кіеўскай Трыодзі 1631 г.; “монастыря общежительнаго Кутеинскаго, церкви св.Богоявленія … православія восточнаго греческаго” на Трыодзі поснай 1646 г., таксама кіеўскага выдання; ды “Сія книга монастыря Кутеинскаго, церкви Богоявленія” на Трэбніку Пятра Магілы 1646 г.[47] А ўласніцкі надпіс, што знаходзіцца на паасобніку Брашна духоўнага са збораў Абласной б-кі г. Горкага, сведчыць пра існаванне ў Куцеінскім манастыры прыватных манаскіх кнігазбораў. Ён паведамляе што гэтая кніга — “Инока Ермолая Зубаци законника монастыря Кутеинского”.[48]

Два першыя з працытаваных надпісаў зроблены на паслядоўных аркушох[49] — з’ява увогуле нярэдкая для царкоўных і, асабліва, для манастырскіх інскрыпцыяў. Падобнае размяшчэнне запісу можна ўбачыць яшчэ, напрыклад, на Служэбніку (Вільня-Супрасьль, 1692-1695) са збораў Беларускай Бібліятэкі ім. Ф.Скарыны ў Лондане, які нясе інскрыпцыю, запісаную на ніжнім полі чарговых аркушоў: “Сей // Служебнік // Ест // Закрыстыи // Церкві // Бытенской // Чыну // Святаго // Васілія // Велікаго // 1765 // Anno // Подпісан”.[50] Аналагічныя запісы паводле сфармулявання (а, трэба думаць, і пааркушовага спосабу запісання) — згодна М.Нікалаева — пазначаюць шмат якія кнігі з бібліятэкі Жыровіцкага манастыру, напрыклад: “Сия книга есть з библиотеки монастыра Жировицкого чину Святого Василия Великого 1758 Anno подписана”.[51])

Запісаная пааркушовым чынам інскрыпцыя на лаціне прысутнічае і на кнізе Elementa algebrae (б.в.д.), што належала базыліянскаму кляштару ў Талочыне, а цяпер захоўваецца у сэктары старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай б-кі “Ex // Libris // Bibliothecae // Monasterij // Tolocinensis // PPP[atrum][52] // Basilianorum”[53] (“З кніг бібліятэкі Талочынскага манастыру аа.базыльянаў”).

Да слова, лацінскія надпісы і шыфры захавання бібліятэкі спамянутага тут Жыровіцкага манастыру — знаходзяцца на некаторых кнігах са збораў рарытэтаў Фундамэнтальнай бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі ў Менску. У прыватнасці, адзін такі запіс месціцца на тытульным аркушы кёльнскага 1613 г. выдання Magnum theatrum vitae humanae Л.Баерлінка: „Ex libris / Monasterii / Zyrouicensis / S[ancti]. D[omini]. Basilii M[agni]. / Unit[orum]” („З кніг манастыру Жыровіцкага [Вордэну] С[вятога]. п[ана]. Васіля В[ялікага]. [айцоў] Вун[іятаў]) і далей шыфры ў два слупкі: „IV / B / 5 / SsiL / 5to / Ě / MNO”. Зазначым тут таксама, што ўласніцкія інскрыпцыі можна сустрэць ня толькі на тытулёвіку ды ніжнім полі, а, фактычна, ва ўсіх магчымых для пісання месцах кнігі: на фарзацы, верхніх і бакавых палёх, а нават на абрэзе.

 

Дарчыя надпісы (або дэдыкацыі) паведамляюць, што дадзеная кніга падорана аўтарам, перакладчыкам, выдаўцом або кімсці іншым пэўнай асобе ці інстытуцыі. Бязумоўна, напачатку разгляданага пэрыяду, калі кнігі былі дарагія, гэты від інскрыпцыяў яшчэ даволі рэдкі. Больш пашыранымі падобныя надпісы, бадай, робяцца толькі ў XVIІІ ст. Зрэшты, такія інскрыпцыі тады яшчэ не аформіліся канчаткова, і часцей за ўсё прымаюць форму, так-бы мовіць, „праўных” (то бо, юрыдычных) запісаў, якія інфармуюць пра акт дарэння. Толькі ў лацінскіх надпісах можна заўважыць пэўныя характэрныя дэдыкацыйныя фармулёўкі кшталту “Ad usum …” (“Ва ўжытак …”),Іn labore …” (“дзеля працы …” = “ва ўжытак …”) — для асобаў, і “(Hic liber) applicuіt …” (“(Гэтая кніга) перададзена …”) — для інстытуцый. Супольнай для асабовых і інстытуцыйных інскрыпцыяў з’яўляюцца формулы з выкарыстаннем тэрмінаў “dono” (“у дарунак”) і “gratia” (“з ласкі” = “у дарунак”).

Польскамоўныя інскрыптары нярэдка запазычаюць з лаціны такія фармулёўкі і выкарыстоўваюць іх для сваіх патрэбаў па-польску.

Дарчыя інскрыпцыі зазвычай знаходзяць сваё месца на тытульным аркушы, хоць, таксама, могуць месціцца на ніжнім полі паслядоўных аркушоў — у тых выпадках, калі кнігі належаць манастыром. Да слова, такія запісы маглі рабіцца на толькі дарыцелям, але й адрасатам, што часам набліжае іх да ўласніцкіх ці, нават, купчых надпісаў.

 

Пяройдзем, аднак, да прыкладаў. Так, інскрыпцыя, як адзначаюць укладальнікі, зробленая “западнорусской скорописью 18 в.” месціцца на Евангеллі вучыцельным віленскага выдання Міхала Гарабурды са збораў Навуковай бібліятэкі МДУ: „[С]ия [sic] книгу П[авел] Смирдин Никитинъ могилевецъ [подарил] [Л]еонтию Яврискину а подписал своею рукою”.[54] Відаць, гэты магілёвец падпісваў кнігу шмат часу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі Магілёўшчына ўжо даўно адыйшла да Расеі — бо прозвішчы ў дэдыкацыі пададзены яўна на расейскі манэр.

Два блізкія па змесце, польска- і беларуска-моўны, запісы, зробленыя адной і той-жа асобай — пэўным Янам Палякам — на паасобніку Статуту 1588 г. са збораў РДБ у Маскве, падае Галенчанка. Працытуем тут толькі беларускі надпіс: “Року тисяч[а] шотсот четерд[е]стохо третехо месеца одинастохо дня пан Лаврин Sкиркило возни упитски мене Иану Поляку подаровал. Іван Поляк”.[55]

Спамінаны вышэй Апостал Спірыдона Собаля са збораў Нацбібліятэкі на арк. 4а нясе цяжкарасчытальны, але яўна дарчы, польскамоўны надпіс: „Wuzcju [=W użyciu?] Wieliebnych PPCorowaś[=Оjców?] Bazylianow Unitow // Wzamku niech … // Przezemnie, Dawyda”[56].

А на апошняй старонцы паасобніка куцеінскага выдання Лексікона Памвы Берында[57] захавалася інскрыпцыя, якая сведчыць, што кніга была падорана новаму ўладальніку куцеінскім ігуменам айцом Арсенам: “Roku 1731 dnia 24 9bra [=novem-bra] // Mam Tę książkę Darowaną od J[ego]. M[iłości]. Oyca Arsen… [=Arsenіusza] // Jhumemena [=Ihumiena] Kucieińskiego … mi Janowi K…iemu [прозьвішча нрзб.](„Году 1731 дня 24 лістапада атрымаў я гэтую кнігу у падарунак ад ігумена куцеінскага Я[гонае] М[іласьці] айца Арсена мне Яну К…му”)

Характэрная лацінамоўная дэдыкацыя месціцца на кнізе Compendium theologiae moralis (Вільня, 1754 ), што паходзіць з прыватнага збору М.Пачкаева: “Ad usum F[rat]ris Mauritij a S.Thoma / Ord[inis] [Fratrum Carmelitarum] Discal[cea]t[orum][?] S[ancti]s[si]mae Trinitatis Redemрt[ionis] / Capti[vorum.] m[anu] pr[opri]a [+ подпіс нрзб.]” (“Ва ўжытак б[ра]ту Маўрыцыю з кляштару св. Тамаша вордэну кармэлітаў босых Н[ай]с[вяцей]шае Тройцы дзеля вызваленн[я] палонных. Р[укою] ўл[асна]ю + подпіс.”). У іншым месцы кнігі знаходзіцца экслібрыс-цэтлік ХVІІІ ст. з надпісам: “Collegii Antecollensis Ord[inis]: S[anctis]s[imae]. Trinitatae”, які сведчыць, што выданне знаходзілася ў бібліятэцы трынітарскага калегіюму на Антокалі ў Вільні. Загадка гэтае інскрыпцыі, аднак, у тым, што віленскі кляштар кармелітаў быў пад закліканнем св.Тарэзы з Авільі, а не св. Тамаша; больш таго, у Рэчы Паспалітай увогуле не было кляштараў кармелітаў босых з такім тытулам. Магчыма, кніга была падораная пэўнаму брату з замежнага кляштару, які наведаў Беларусь.

Наступны надпіс — на кнізе Dolor in auge post avitae lunae eclipsum … (Vilnae: AcadSJ, 1702) аўтарства Мікалая Яленскага —які быў прадстаўлены ў згадваным ужо паказальніку Rare Polonica in the New York Public Library, проста пачынаецца з імя адрасата ў давальным склоне, хаця і змяшчае ў сярэдзіне пэўную формулку (“in labore”): „R[everen]do in Ch[ris]to Patri Patri Alexandri Jelenski Soc[ietatis] Jesu hunc [librum] Nicolai in labore … Pietri Puzyna S.J.” (“В[ялеб]наму у Хр[ыс]це Айцу Айцу Аляксандру Яленскаму, [брату] Тав[арыства] Ісусовага, гэтую [кнігу] Мікалая для працы … [ад] Пятра Пузыны, [брата] Т[аварыства] І[сусавага]”). [58] Той самы паказальнік Rare Polonica падае яшчэ і два дарчых надпісы, адрасаваных інстытуцыям: бібліятэцы сэмінарыі ды калегіюму. Першы адносіцца да XVII ст. і месціцца на кнізе А.Фрэдры Scriptorum sue togae et belli notationem fragmenta (Dantisci, 1652), падоранай віленскім біскупам Кассакоўскім у бібліятэку Віленскае Дыяцэзыяльнае Сэмінарыі: „Bibliothecae Seminarii Dioce[sani] Vilnen[sis] Dono Il[lutrissi]mi Joannis Nepomuceni BoruKossakowski Ep[isco]pi Vilnen[sis]” (“Бібліятэцы сэмінарыі Вілен[скае] дыяцэ[зіі] як дар Яс[наасьвеча]нага Яна Непамуцэна Бару…. Касакоўскага, б[іску]па вілен[скага]”).[59] А на кнізе Зыгмунта Кругера Evropa foederata per auspicatissimuum connubium варшаўскага выдання 1691 г. інскрыпцыя падведамляе: „R[evere]ndus Pater Carol[us] Glinojecki S[ocietatis] J[esu] Pinscensi Collegio(“В[ялеб]ны Айцец Карал[ь] Глінаецкі, [брат] Т[аварыства] І[сусавага] Пінскаму калегіюму”).[60] Надпісы з ужываннем падобных формулаў можна знайсці і на кнігах з беларускай Нацбібліятэкі. Напрыклад, формула dono” ужыта ў надпісе, што месьціцца на выданні Jnwentarz Constytucyi Koronnych y WXL: (Lipsk, 1733). Інскрыпцыя гэта тэратырыяльна адносіцца да Ўкраіны, але прозьвішча дарыцеля такое выразна беларускае – Багдановіч: “Hunc Libru[m] polonu[m] inscriptum Jnwentarz Constytucyi / Koronnych y W:X:L: Mitropolitanae Kiovensi / Consistoriae Supp[or]te Sponte Reverendus Melchisedec Bohdanowicz Jhumenus Hustinensis dono dedit in perpetuum” (“Гэтая польская кніга, што завецца Jnwentarz Constytucyi Koronnych y W:X:L: Мітрапалітальнай Кіеўскай Кансісторыі уласным высілкам вялебнага Мэльхісэдэка Багдановіча, ігумена Густынскага, у дар перададзеная навечна”).[61]

Яшчэ адна лацінская інскрыпцыя, якая гаворыць пра перадачу кнігі ў бібліятэку пэўнае інстытуцыі, прысутнічае на тытульным аркушы згадыванага вышэй паасобніку Elementa algebrae са збораў Прэзідэнцкай б-кі: “Applic[uіt] Bibliothecae / Congr[egationis] Tol[ocinensis]. / 1790”[62] (“Перададз[ена] бібліятэцы / Тал[очынскага] кляш[тару][63]. 1790”).

Прыкладна, да таго самага часу адносіцца і польскамоўная інскрыпцыя на віленскім Службоўніку 1773 г., вельмі недакладна занатаваная піцерскімі бібліёграфамі: “A  [=Anno] 1773. Przez Jmei [Jmci = Jegomości] Xiedza [Xiędza] Adryana Rottera, Super[iora] Rochaczewskogo ZSPW [ZSBW = Zgromadzenia świętego Bazylіa Wielkiego] ten Mszalik Aplikow[а] do kapliey [=kaplicy] … Pani Ordziney Skarbnik owey [=Skarbnikowey]”[64] (“Году 1773 Ягонай міласцю Ксяндзом Адрыянам Ротэрам, Настаяцелям Рагачоўскім ВСБВ [Вордэну Сьвятога Базыля Вялікага]. гэты службоўнічак [быў] перададзены да капліцы … Пані Ардзіны Скарбнікавай”). Як мы бачым, гэта не столькі ўкладны надпіс, колькі дэдыкацыя ў чыстым выглядзе — бо мэта перадачы кнігі капліцы не збаўленне душы, а дарунак.

Да слова, слова “Aplikowаnу” можа інфармаваць не толькі пра “перадачу-дарэнне”, але й — больш блізка да свайго падставовага значэння — “перадачу на часовае захаванне”. Пра гэта сведчыць надпіс на тытульным аркушы рукапіснага памянніка, каторы ў якасці ілюстрацыі быў апублікаваны М.Нікалаевым: “Monastyra Torokanskiego OO. Basilianow / Aplikowа Bibliotheczce / Zyrowickiey iako bezpiecznieyszey, / Roku 1731 d[nia] 26 Februarij. Antonij Zawadzki Z[gromadzenia]. S[więtego]. B[asilia]. W[ielkiego]. Сonfr[a]t[e]r / Wikarij Pnlny[?] [=Prowincialny?] / m[а]nu р[ropriо]”[65] (“Манастыра Тараканскага АА.Базыльянаў. Перададзены бібліятэцы Жыровіцкай як больш бясьпечнай. Году 1731, дня 26 лютага. Антон Завадзкі брат В[ордэну] С[ьвятога]. Б[азыля]. В[ялікага]., вікар правінцыяльны[?], рукою ўласнай”).

Згадванае вышэй выданне Вызнанняў св.Аўгустына са збораў Нацбібліятэкі Беларусі (Confessio Augusiniana in libros quatuor distributa Dilingae, M.D.LXIX) нясе надпіс XVII ст.: “Gratia R.D. Martini Wisocensis, Nicolai Siwickу Parochу Obolecensis” (“З ласкі Вялебнага Пана Марціна Высоцкага, Мікалая Сівіцкага Параха Абольскага”).[66] Падвойны genetivus імёнаў у гэтым надпісе крыху ускладняе зразуменьне інскрыпцыі. Першае імя, несумненна, —дароўцы; другое-ж, як здаецца, стаіць у родным склоне, абазначаючы прыналежнасьць кнігі, як мы гэта часта сустракаем ва ўласьніцкіх інскрыпцыях. Ув Аболі — маёмасьці полацкіх езуітаў — мелася грэка-каталіцкая парафія сьв. Анупрыя, якую, дарэчы, езуіты падтрымлівалі як маральна, так і матэрыяльна; быць можа, гэты надпіс дае нам сведчанне пра тую падтрымку.

Яшчэ адзін двусэнсоўны дарчы напіс, гэтым разам кірылічны, паўуставам, знаходзіцца на Трыодзі поснай (Львоў, 1664) пасля раней зробленага ўласніцкага надпісу інакіні Парасковіі і паведамляе аб дараванні кнігі ў царкву Буйніцкага дзявочага манастыру: “посы//лаетъ // г[ос]п[о]жа // ігуме//нія антоніда // дані//лко//виче//вна // посылаю // въ кутей//нскі // д[е]в[и]чъ // м[о]н[а]стырь // вновую // ц[е]рковь // по племя//ннице // своей // по пара//сковтіи // і сию // кн[и]гу // и[з] ц[е]ркви // божия // не выносить ни продать // ни зало//жить // никому // под заклад // не закладывать”[67]. Як бачым з яго, па смерці манахіні ейная цётка, ігумення Антаніда перадала кнігу, што належала раней нябожчыцы, у новазбудаваную царкву дзявочага праваслаўнага Буйніцкага манастыру пад Воршай. Паўустаў запісу не дае магчымасці дакладна вызначыць, да беларускага манастыру належалі Парасковія і Антаніда, ці не. Напэўна, толькі, што не да самога Куцеінскага: пра гэта сведчыць слова “посылаю”. Не выключна, што іхны манастыр знаходзіўся на Ўкраіне, бо сама кніга была выдадзеная ува Львове (аднак, служыць пераканаўчым довадам апошняе ня можа, бо ў 2-й пал. XVII ст., пасля вынішчальных войнаў з Маскоўшчынай, кнігадрук на Беларусі зананяпаў і патрэбы ў кірылічнай кнізе, у значнай ступені, задавальняліся дзякуючы ўкраінскім выданням). Зрэшты, цалкам магчыма, што й жывучы ва ўкраінскам манастыры, згаданыя інакіні паходзілі, аднак, з Беларусі, ці, быць можа, ігумення па-просту вырашыла дапамагчы сёстрам па веры на разрабаванай Беларусі. Не забывайма, што і Беларусь, і Ўкраіна належалі ў той час да аднае дзяржавы — Рэчы Паспалітае, і сувязі паміж праваслаўнымі манастырамі на іхных землях былі вельмі моцнымі. Надпіс гэты вельмі цікавы тым, што ён у роўнай ступені можа быць і дарчым, і ўкладным — у залежнасці ад таго, як зразумець выраз “по племя//ннице // своей // по пара//сковтіи” (ці тое, “пасылаю кнігу, што засталася пасля смерці пляменніцы”, ці тое — “укладаю кнігу па ейнай душы”).

 

 

Укладныя надпісы фактычна з’яўляюцца сваеасаблівым варыянтам дэдыкацыі. Яны, зазвычай, паведамляюць, што дадзеная кніга ўкладзена вернікам у пэўную царкву або манастыр дзеля збаўлення душы, адпушчэння грахоў ці з іншымі пабожнымі інтэнцыямі. Гэта, падобна як і ўласніцкія надпісы, адзін з найболей распаўсюджаных тыпаў інскрыпцый разгляданага перыяду — прынамсі, для кірылічнай кнігі. Нярэдка такія надпісы бываюць даволі даўгія, бо апісваюць абставіны наданьня той ці іншай кнігі да царквы. Кнігі надаваліся патронамі царкваў або прыхаджанамі; маглі ўкладацца індывідуальна, за ўсю сям’ю, за цэлы род, а нават за грамаду. Надаўцамі выступала шляхта, мяшчане, сяляне, часам — духоўныя асобы; зрэшты, свой сацыяльны статус ахвярадаўцы пазначалі далёка не заўсёды, і часцяком яго можна вызначыць толькі гіпатэтычна. Лацінскіх надпісаў такога роду не выяўлена, польскамоўныя-ж — даволі рэдкія. Надпісы, зробленыя кірыліцай, падобна дарчым, уяўляюць зь сябе, зазвычай, таксама запісы праўнага характару, і пачынаюцца з выразу „ Сія кніга …”. Месцяцца яны, найчасцей, на фарзацы, першай старонцы і т.п. Цікава, што найболей беларускіх укладных інскрыпцыяў можна знайсці на кнігах са збораў расейскіх бібліятэк — яскравае сведчанне пра рабаванне маскоўскімі войскамі „адзінаверчых” праваслаўных цэркваў падчас войнаў на тэрыторыі Беларусі.

 

Адным з найбольш характэрных укладных надпісаў з’яўляецца інскрыпцыя на трэцім выданні мамоніцкага Апостала, які захоўваецца ў Нацбібліятэцы Беларусі: „Сию Кнігу гла[го]лемую Апостолъ … // Порядку церкви С[вя]той всходней Соборной Апостолской … // До храму С[вя]т[а]го Чудотворца і архиерарха[?] Нико… // Церкви Герасим Андреевичъ Храпуновичъ[?] … За отпущеніе грехов своихъ во граде Слуцке року ахма [1641]”.[68] Пакінуў яе, хутчэй за ўсё, мешчанін або шляхціч.

Яшчэ некалькі падобных інскрыпцыяў месцяцца на спамінаным вышэй паасобніку Апостала друку Спірыдона Собаля. Напр., на арк. 2-3 у ёй, побач з працытаваным раней ўласніцкім надпісам, запісаны й укладны: “Року, АХНИ [1658]. М[е]с[я]ца Іюля, КИ [28], дня. // Сія кн[и]га Гл[аго]лемая Ап[осто]лъ // Надана и оферована до ц[е]ркви, е[сть]”. Пазней запіс быў скрэслены, і пад ім надпісаны іншы — дарчы: „Надана сия книга честному отцу от монастыру Полацкаго”. Падобныя перадорваньні выданняў не былі рэдкасцю: пад час працы са старадрукамі нам не аднойчы трапляліся беларускія і ўкраінскія інскрыпцыі, што адрасавалі манастырскія кнігі пэўным духоўным асобам. Каб папярэдзіць крадзежы ды злоўжываньні, у т.л. і такія, пра якія ідзе гаворка зараз, дароўцы нярэдка ўключалі ў свае надаўчыя інскрыпцыі рознага роду праклённыя формулы. Такі запіс-анатэма — працяг аднаго з закрэсленых укладных надпісаў — прысутнічае, напрыклад, на аркушох 9-13 згаданага Апостала: “Которая книга мает зоставать. // прицеркви вышъ реченой надолгiе часы. и нихто Сiе не мает собе привлащать // а хтобы хотел иважился собе привлащить // явно или тайно, да будет проклят // … семъ веце ибудущем, Аминь”. (Больш дэталёва засцерагальныя надпісы мы разглядалі ў нашым артыкуле Belarusian Warning Inscriptions in Old Printed Books of the 16th-18th Centuries у леташнім гадавіку New Zealand Slavonic Journal).

Да ліку ўкладных інскрыпцыяў залічым і яшчэ адзін вельмі цікавы надпіс. Зроблены ён, падобна, праваслаўным надаўцам і месціцца на адным з паасобнікаў Евангелля вучыцельнага (Крылас, 1616). Інскрыпцыя гэтая цікавая, у прыватнасьці, такой сваёй асаблівасцяй, што сярод патэнцыйных „злачынцаў”, якія могуць „аддаліць” кнігу ад дадзенай царквы пералічаны і духоўныя асобы. Гэта той канкрэтны выпадак, калі ахвярадаўца хацеў забяспечыць свой дарунак у т.л. і ад спамянутага перадорваньня. Вось тэкст гэтага, даволі вялікага, запісу: „…ное сто шестнадесятое [(7)116], от въплоще[ния] … [Хр]иста Спасителя нашего Б[о]га… шестьсотное осмое [1608] я рабъ б[о]жии многогрешны[и] … [і з] жонкою моею Маръею якъши[?] … литыхъ [посполітых?] людеи къ храму Покрову … Вл[а]д[ы]чица нашея Б[огороди]ца пр[и]снод[е]вы М[а]рии которыи есть у маетности наш[еи?] вы же, отци пастырие настоятели с[вя]т[о]го храма сего, стражие Х[ристо]ва стад[а] чесных его овецъ, сию читающе о насъ грешных і про детях и о потомкъ[ах?] [на]ших Г[о]с[по]ду Б[о]гу молетеся. Да Г[о]с[по]дь Б[о]гъ по милости своеи и с[вя]тыхъ ради м[о]л[и]твъ вашихъ сподобитъ насъ мирно и малогрешно препроводити поприще жития нашего и прощению грехов на страшнемъ второмъ его приш[ествии]. Сия книга никимъ никогда ж от сего с[вя]т[о]го храму и ни якимъ же обычаемъ отдалена а ни отнимана. Еже аще бы кто дерзнулъ отворити аще ли ктиторъ или попъ причетникъ или тат[ь] или ин кто ж колвек, таковая каждая особа суперника да имает пр[е]ч[и]стую Б[о]жию Матер[ь] в ден[ь] страшного въдания праведнаго судии Х[рист]а Сп[а]сителя нашег[о]. Аминь”.[69] На жаль, гэты тэкст (бясспрэчна, беларускі паводле лексічных і граматычных рысаў) быў часткова пашкоджаны, і мы не ведаем ані імя дароўцы, ані мясцовасці, у якой знаходзілася дадзеная царква. Праваслаўныя храмы свецкага патранату пад закліканнем Пакравоў Панны Марыі былі ў мястэчку Холмчу (менскае ваяводзтва), вёсках Крываносы (наваградзкае ваяводзтва), Доры, Хатлянах, Чорным (усе — у менскім ваяводзтве).

Яшчэ адзін — гэтым разам, вуніяцкага дароўцы — укладны надпіс, прысутнічае на трэцім выданні мамоніцкага Апостала з кнігазбора ўсё той-жа бібліятэкі МДУ: “Лето от созда[ния] міра а от еже по плоти воплощения Слова Божия 1602 месеца мая 10 дня я раб божеи Богдан нареченыи во с[вя]томъ крещении Сидоръ Л…виновъ [Литвиновъ?] мещанин …скии [сцёрта] сию книгу г[лагол]емую Апостоль вкупе со кимъваломъ [трэба думаць, маецца на ўвазе псальтыр] их же отдаде Г[о]с[по]ду Б[о]гу во Троице единому и пречистои его Божеи Матери во пречистыи храм еі в б[о]госп[а]саемои граде … [слова сцёрта і на нім – „Смоленску”] замъковыи[?] при державе гос[у]д[а]ра короля Жыкъмонта… за архиепископа Ипатия Потея а за державою [?] старосты … [сцёрта] пана Петра Трызны[?] вечъне а николи не порушъно … храма Успения вл[а]д[ы]ч[е]ца нашея Б[огородиц]ца замъку … подъ анафемою и отлучениемъ в день второгопришествия от всих верных избранных Б[о]жиих и зрения пресветлого … буди всим нам полу[чати]… Аминь”.[70] Заўважма тутака цікавую асаблівасць: укладныя надпісы XVIІ ст. могуць змяшчаць указанне на сучасных сабе прадстаўнікоў свецкае і духоўнае ўлады. Мы маем яшчэ адну інскрыпцыю такога кшталту — укладны запіс на Мінеі служэбнай маскоўскага выданьня 1607 г. да царквы Ільі-прарока (на той час ужо, здаецца, вуніяцкай) ў мястэчку Бялынічы (віцебскае ваяводзтва): „[Сию книгу] ц[е]ркви б[о]жеи потрібную положил і надал ку храмоу ц[е]ркви с[вя]т[о]го прор[о]ка Іліи мещанин бялыницъкій Онікей Таренісовичъ ні за которую то Менею золотых десять полских дал за державы г[осу]д[а]ря велікого короля полского Владыслава Четвертог[о] ]ына короля Жигмунта Третего и за державы тое маетности места бялыничъ п[а]на Дедичного Его м[и]л[о]сти п[а]на Казімера Леоновіча Сапеги пісара … старосты городенского, волпенского и любошанского, котораа то книга менованая Менея сентябровая при тои ц[е]ркви с[вя]т[о]го прор[о]ка Іліи вечне пре[бы]вати мает и отдалена быть не мает от тое ц[е]ркви бялыницкое а с[вя]щенницы прі тои ц[е]ркві будучі ср которых прошу мают Г[оспод]а Б[о]га просит за мене і отпущен[ь]е грехов моих. А если бы хто важился тую книгу от ц[е]ркве тое отдалити перед Г[осподо]мъ Б[о]гом зо мною розсоудиться. Деялося в Бялыничах рокоу 1634 м[е]с[я]ца апреля 27дня”.[71]

Формулу, што абавязвае згадваць у малітвах ці багаслужбе імя дароўцы падае беларуская або, быць можа, украінская, дэдыкацыя XVІІІ ст. на мамоніцкай Трыёдзі поснай 1609 г.: „Сію [к]нигу Триодь [по]дарил я Никифоръ … во воспоминаніе имени моего … і в томъ подписуюсь своеручно … тисяча семъсот пятьдесятъ 4 апреля второго [02.04.1754]. А при томъ билъ Іван К[а]рпенко [?]. А Яковлев Іванъ сведетель”.[72]

Прыточым таксама, у якасьці прыкладаў, дзве інскрыпцыі, укладаныя дароўцамі ў памяць ці за здароўе сваіх родных: праваслаўную і каталіцкую. Першы надпіс на адным з паасобнікаў Евангелля вучыцельнага (Крылас, 1616): “Въ имя Отца и С[ы]на т С[вя]т[а]го [духа]. Аминь … купил сіе с[вя]тое Ев[ан]г[е]ліе раб б[о]жии Семион за свое отпущеніе грехов и з родом своим то ест Марко, Олексей, Михаил, Елена, Стефан, Ф[ео]до[р], Іван, Павел, Грегоріе, Паросковея, Ілія, Феодоръ, Маноел, Іван, Петръ, Феодосія, Анна, Мотрена, Михаил, Елена, Феодора, Никита, которіе преставльшіеся на памят вечную, а живым на здравіе телесное и д[у]шевное. Сп[и]са[л] и придал еи ко храму с[вя]т[а]го Х[ристо]ва Вознес[е]нія в селе … маетности п[а]на Коралатбы[!?] Николая и за него жителя … тогда бывшаго … Кондратія и кто по нем будет с[вя]щ[е]ник повинен будет Г[оспо]да Б[о]га м[о]лити за нег[о] и за предки его. И кто бы мел сіе с[вя]тое Ев[ан]г[е]ліе учителное отдалити от с[вя]тои ц[е]ркви, буду с ним суд мети во д[е]нь страшнаго и грознаго суда и под клятвою с[вя]тых тиих от[е]цъ иж в никуды абы была сіе Ев[ан]г[е]ліе къ сла[ве] и хвале Б[о]жои и д[у]шам хр[и]стіянским на сп[а]с[е]ніе и на памят вечную в роды и в роды рок[у] Б[о]жого 1608 в д[е]нь нед[е]лныи пред с[вя]тым Михаилом 6 д[е]нь”.[73] Пра беларускасць гэтага надпісу сведчаць палеаграфічныя,[74] а таксама моўныя рысы (“мел отдалити”, “никуды” і інш.).

Другая інскрыпцыя месціцца на супрасльскім вуніяцкім Службоўніку 1763 г. і зроблены дзяржаўным дастойнікам — лідзкім скарбнікам Мацеям Рымтаўтам: “Roku 1791 miesiąca Febr[uaria]. 16 dnia. Sporządzony mszał od W.Pana C.Mateusza Rymtowtta, skarbnika Lidskiego. Daje się do cerkwi Ciepyłowskiey za dusze Andrzeja, Krzysztofa, Rozalii, Antoniego, Brygitty, Maryanny, Terezy”.[75] Надпіс цікавы тым, што, мяркуючы паводле імёнаў, згадваюцца ў ім рыма-каталікі; укладанне-ж зроблена ў грэка-каталіцкую царкву.

Тут хацелася-б працытаваць і яшчэ адзін польскамоўны ўкладны надпіс, на гэты раз выразна грэка-каталіцкі. Гэтую інскрыпцыю падае сн-ня А.Шумовіч ў сваім рэфэраце: “Roku 1784. M[iesią]cu Maja Dnia 5 // Ta Ksega [Księga] Naswana Ewangelia Arkuszowa // Drukarni Poczajewskiej pod …[нрзб.] // Nadana do Cerkwi Horodenskiej pod Tytułem s[wię]tej Trojcy // Za staraniem …[нрзб.] Piotra y Grzegorza Weiczuykow // Ktytorow y Mieszczan Horodenskich. nech bedzie [niech będzie] // Panu Bogu Na czesc [cześć,] na Chwale [Chwałę], a im Pomnozi // co day Bozi. Amen // [подпіс нрзб.]”.[76]

На заканчэнне згадаем, што службовыя кнігі маглі ўкладацца ў святыню нароўні з іншымі прадметамі на патрэбы культу, і нярэдка адрозненне іх ад іншых царкоўных рэчаў не рабілася. Такое стаўленне да кнігі мы можам убачыць, напрыклад, у інскрыпцыі 1590 г. на рукапісным Друйскім Евангеллі: “Року 1590: Раб божий Юрий Андреевич Голенища збудоваваши церковь си. Святого Спаса в месте Друйску надал сию книгу глаголемую Евангелие и при том рызы адамашковые и стихарь атласовый диаконский… и звон один великий а два мнейших и крест серебреный и лихтары меди белое и вси образы до тои церкви належачые: так тэж и книги розные писаные”.[77] Такі надпіс з роўным правам можна аднесці як да інскрыпцыяў укладных, так і да актавых.

 

Купчыя запісы — гэта інскрыпцыі, якія паведамляюць (як тое і вынікае з назвы) пра куплю ці продаж дадзенай кнігі. Цікава, што гэты від запісаў, вельмі папулярны, напрыклад, сярод расейскіх ўладальнікаў кніг, на Беларусі ў чыстым выглядзе сустракаецца нячаста. Згадкі пра куплю-продаж, бадай, хутчэй можна сустрэць як частку укладнога надпісу, чым як самастойную інскрыпцыю. Тым ня менш, часам і такія запісы беларускага паходжання можна ўбачыць на кнігах. Звычайна, ў іх, побач з апісаннем угоды, выступае імя ранейшага або новага ўладальніка, што набліжае гэты род інскрыпцыяў да ўласніцкага надпісу. Усе гэтыя інскрыпцыі пераважна кірылічныя; з  выразна купчых лаціна-польскіх надпісаў намі выяўлены толькі адзін.

 

Гэты мяшаны запіс на лацінскай і польскай мовах паходзіць з канца XVII ст. і знаходзіцца на кнізе Ірынэя Ліёнскага Adversus Valentini(Coloniae Agrippinae, ‹I›.I›. XCVI) са збораў Нацбібліятэкі Беларусі: “Emptus Ex bibliotheca Vilnen[sis] A[nn]˚ 1777 a R[everendo] D[omino] Antonio Aleszkiewicz, Praep[osito] Illuxtano / Applicatur bibliothecae Domus Illuxtanae / Zaplocono Zlt [Złotych] 14” (“Куплена з бібліятэкі віленскай Году 1777 Вялебным Панам Антонaм Аляшковічам, Прэпазітам Ілюкштанскім. Перададзена Бібліятэцы Ілюкштанскага Дому. Заплочана злотых 14.”).[78] У мястэчку Ілюкшты (полацкае ваяводзтва) быў базылянскі кляштар пад пакліканнем св. Язафата Кунцэвіча.

Купчы запіс як частка ўкладной інскрыпцыі XVII ст. месціцца на выдадзеным Мамонічамі ў 1617 у Вільні Служэбніку: “Року 1650 в імя отца і сына і святого духа […] куплена […] Служебнік літоргій божественных до церкві собора святого Іоанна Крестітеля на предместю городецком […] не была однесена і отдалена от той святой церкве, такового человека позываем на страшный суд божій в второе прішествіе хрістово, егда прідет судіті жівых і мертвых і воздаст кожуждо по делом его, яко тому подобает всяка слава честь і поклон навекі вечныі амін”.[79] Падобны надпіс ёсць і на еўеўскім Евангеллі вучыцельным 1616 г.: “Во імя отца і сына і святаго духа амінь. Сія кніга, рекомая Каліст, купіл [ея] раб божій священнік іерей Філіпп Нестеровіч за отпущеніе грехов всех труждающія рабов божіх по іменам іх, і дал за ню золотых 184, і прідал еі да храму святітеля Хрістова Ніколая […] А хто бы важілся якім кольвек спосабом украсті або отдаліті, да будет проклят на векі вечныі, року 1727”.[80]

Яшчэ адзін прыклад такое інскрыпцыі дае Евангелле вучыцельнае выдання Мамонічаў (Вільня, 1595). Тэкст яе дакладна наследуе тэксты ўкладных запісаў, з той толькі розніцай, што замест „надаў” або „ахвяраваў” у ім выступае слова „прадаў”: „Року 1649 м[еся]ца сентеврия 21 дня продал сию книгу гле[голе]мую Ев[анге]ліе учителное толковое раб Б[о]жии … за отпущен[и]е грехов своих и жоны и деток своих вечными часы къ церкви[?] с[вя]того …”.[81] Зрэшты, цалкам магчыма, што ўкладальнікі цытаванага каталога па-просту кепска расчыталі надпіс, прыняўшы „прыдаў” за „прадаў”.

Калі гаварыць пра больш „чыстыя” запісы, дык варта тут працытаваць два: адзін са згадкай прадаўца кнігі, другі — пакупніка. На віленскай скарынавай Псальтыры 1522 г. паводле Галенчанкі месціцца фрагмент запісу, у якім акурат згадваецца той, хто прадаў гэтую кнігу: „Захарей Смолянин продал сі[ю] книгу Псалтыр и …”.[82] Запіс-жа прыточаны М.Нікалаевым у сваёй Палаце кнігапіснай падае імя новага ўладальніка і суму, за якую пэўная кніга была купленая: „Сильвестра Козминского за сумму пенязей литовских 38 коп четыре”.[83]

Пры купчых запісах згадаем і інскрыпцыі, якія паведамляюць пра тое, што тая ці іншая кніга была пазычана для чытання. Напрыклад, Галенчанка ў іншай сваёй кнізе — Идейныя и культурныя связи восточно-славянских народов в XVIXVII в.в. — цытуе такі надпіс: „Сия книга не моя, отца Павла игумена пинского, которую маю его милости вернути в року 1617 на ден[ь] светого Петра. Филипп Елец, подстолий киевский, рукою власную”.[84] Такія надпісы служылі засцярогаю супраць невяртання кніг уладальнікам, зрэшты, маланадзейнаю. Гэтак і згаданы надпіс, як мяркуе памянёны даследчык, не дапамог кнізе вярнуцца ў Пінск.

 

 

 

2.      Унутрытэкставыя і мaргінальныя

 

Унутрытэкставыя і маргінальныя інскрыпцыі — гэта запісы ды адзнакі ў тэкставым блоку ці на палёх, зазвычай самым непасрэдным чынам з тэкстам звязаныя. Мы вылучаем два тыпы такіх інскрыпцыяў: аўтарска-выдавецкія і чытацкія.

 

Першы тып — аўтарска-выдавецкія нататкі — прадстаўлены рознага роду выпраўленнямі, дапаўненнямі ці зменамі, зробленымі аўтарамі, рэдактарамі, выдаўцамі і г.д. Адной з найбольш вядомых і часта згадваных інскрыпцыяў такога роду з’яўляецца надпіс, які ў розных варыянтах прысутнічае на кнігах Скарынавага выдання: „А то ся стало накладам Багдана, Онкава сына, радцы места віленскага”. Асаблівасьць гэтага надпісу ў тым, што ён выступае не на адным паасобніку, а на вялікім шэрагу іх. Гэтая інскрыпцыі, дапаўняючы выходныя звесткі, зазвычай месціцца або пад Скарынавай прадмовай да той ці іншай кнігі, або пры калафоне. Абодва выпадкі такога размяшчэння надпісу прадстаўлены ў канвалюце, што належаў Бібліятэцы імя Скарыны ў Лондане, — на Кнізе Ісуса, сына Сірахава і на Кнізе Ёва. Апошні, да слова, надпіс прадстаўлены даволі рэдкім варыянтам, у якім замест выраза „Онкава сына” выступае слова „Оньковича”: „А то ся стало накладом Богдана, Оньковича, радцы места виленьского”. Больш дэтальна гэтыя надпісы мы разглядалі ў нашай працы, прысвечанай беларускім дэдыкацыям у зборах ББФС.[85]

Да групы такіх інскрыпцыяў і адносяцца і разнастайныя карэктурныя, цэнзурныя і іншыя праўкі, зробленыя на рукапісе або на “карэктурным” выдруку пэўнай кнігі. Прыклад такіх правак і рэдактарскіх выкрэсленняў, паводле слоў М.Нікалаева, дае нам рукапісная Кніга жыцій святых базыльянаў на ўвесь год размеркаваных, што захоўваецца ў Дзяржаўным цэнтральным гістарычным архіве ў Пецярбурзе.[86] Нікалаеў прытачае і іншы, яшчэ больш цікавы прыклад, распавядаючы, што на рукапісным лаўрышаўскім Пралогу 1512 г. прысутнічаюць не толькі рэдактарскія праўкі, але й інскрыпцыя, якая паведамляе, што кніга была адрэдагаваная ў Вільні пэўным дыяканам Ігнатам — быць можа, былым архімандрытам Лаўрышавага манастыру. [87]

На ўзбоччы выдавецкіх запісаў варта згадаць і г.зв. “інтралігатарскія калафоны” — надпісы, якія былі зробленыя шытарамі або замоўцамі аправаў на фарзацах кніг, і якія змяшчаюць інфармацыю пра майстра, а часам, і пра варункі апраўляння таго ці іншага паасобніка. Гэтыя запісы, зрэшты адносна рэдкія. Нейкіх сталых фармулёвак яны зазвычай не выкарыстоўваюць; змест такіх інскрыпцыяў зазвычай кароткі: падаецца, што кніга шытаваная такім ці іншым майстрам (або на замову тае ці іншае асобы), ды, часам, паведамляецца месца і/ці дата шытавання.

Некалькі прыкладаў інтралігатарскіх калафонаў, якія паходзяць з розных часоў, падае М.Нікалаеў. Так, напрыклад, ён распавядае, што на рукапісным Пралогу бібліятэкі летувіскае Акадэміі Навук прысутнічаюць два такіх надпісы — XVI і XVII ст. Першы з іх належыць пэўнаму любчанскаму інтралігатару — святару Парфірыю: „Переплетена быс сіа книга рукою іерея Пръфиріа иж в Любчи 1512 август[а]. к. [20]”. Другая інскрыпцыя, 1610 г., ад імя шытара сведчыць: „Сіе Евангеліе напрестольное аз многогрешный Иван Василевич родом из Пинска зъинтролиговалъ…”.[88]

Надпіс XVIII ст. месціца на адвароце верхняга вечка аправы Лемяшэвіцкага Евангелля са збораў Расейскай нацыянальнай бібліятэкі: „Року тысяча семсот семдесятого оправилем на име Базилеи Павловичь Лемешевский на церковь Лемешевицкую Рождества Пресвятои Богородици Богу на честь на хвалу мисяца мисяца мая семнадцотого дня”.[89] Гэты апошні запіс вылучаецца тым, што выкарыстоўвае тую-ж інтэнцыйную формулу „Богу на честь, на хвалу”, якую мы ўжо сустракалі ва ўкладной інскрыпцыі гарадзенскіх мяшчанаў.

Інскрыпцыю-ж, якая падае імя не самога інтралігатора, а накладцы шытавання кнігі, можна знайсці на супрасльскім Собраніі припадковъ са збораў Нацбібліятэкі ў Менску:[90] надпіс на заднім фарзацы паасобніка інфармуе, што „WRoku 1775 mie[sią]cia Februaryia D[nia] 15 / oprawiona ta Książka Kaznoy Mą Xięza Joniasza[?] / Markowskiego Parocha Czobotowiсkiego[?] instygato-/Ra Dekanatu Homelskiego” („У Годзе 1775 ме[ся]ца Лютага Дня 15 апраўлена [была] гэтая Кніга Коштам маім, Ксяндза Ёны Маркоўскага, Параха Чабатавіцкага, інстыгатара Дэканату Гомельскага”).

 

 

Другі-ж тып разгляданых у гэтым раздзеле інскрыпцый — чытацкія запісы — прадстаўлены надпісамі і адзнакамі (паметамі), якія пакідаліся чытачамі звычайна падчас чытання або неўзабаве па прачытанні кнігі. У залежнасці ад характару самога тэксту розным мог быць і характар адзнакаў, і іхны выгляд. Напрыклад, чытач палемічных твораў мог падкрэсліваць (ці, нават, закрэсліваць) месцы ў тэксце, з якімі ён нея згодны; чытач пісанняў айцоў царквы — адзначаць прастаўленымі на палёх заўвагамі месцы, якія выклікалі ў яго найбольшае захапленне, а чытач, які з практычнымі мэтамі знаёміўся з тэкстам Святога Пісьма — вылучаць пэўнымі значкамі патрэбныя яму цытаты. У прыватнасці, прыклад апошняга роду дае нам скарынавая Кніга Мудрасці з канвалюта, што належаў Бібліятэцы імя Скарыны ў Лондане. Там чытач — семінарыст ці казнадзей — паадзначаў крыжыкам, узятым у колца, пэўныя сентэнцыі, патрэбныя яму, быць можа, для ўдзелу ў дыспуце або для падрыхтоўкі казання. Падобны спосаб адзначання матэрыялу не быў рэдкасцю: і на некаторых кнігах са збораў Навуковай бібліятэкі МДУ сустракаюцца гэткія пазнакі — напрыклад, у брацкім Новым Запавеце з Псальтырай (Вільня, 1596) чырвоным атрамантам прастаўлены крыжыкі або надпісаны словы, што паказваюць пачатак і канец чытанняў.[91] Крыжыкам узятым у колца, а таксама лацінскімі літарамі NB пазначаны адзін з пунктаў у змесьце 5-га тому твораў Яна Златавуснага (Тomus quintus et ultimus operum divi Joannis Chrisostomae Parisiis, 1570) Нацбібліятэкі Беларусі. [92] Кніга гэтая належала раней Нясвіскай езуіцкай калегіі, і таму існуе вялікая імавернасьць, што адзнака прастаўлена кімсці са студэнтаў ці выкладчыкаў.

На скарынаўскай Кнізе Выйсця са збораў Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі пазначана надпісам чытанне з гэтае кнігі: “от Исхода чтеніе”.[93] Здаецца, таксама чытанне пазначаюць і вялікія крыжы на палёх Кнігі Лічбаў, апублікаванай у складзе факсімiльнага выданьня Скарынаўскае Бібліі, выдадзеным БелСЭ.[94] У гэтым-жа выданні можна ўбачыць і шматлікія падкрэсленьні тэксту — напрыклад, на с. 25, 39 і 178 Кнігі Быцця,[95] а таксама ў іншых месцах.

Пра рознага роду адзнакі, “паправы”, спасылкі на новыя заканадаўчыя акты ды каментаровыя надпісы на палёх розных паасобнікаў Статуту 1588 г. са збораў расейскіх бібліятэк і архіваў гаворыць Галенчанка ў сваім артыкуле пра надпісы на выданнях статуту.[96]

Спадарожныя тэксту запісы XVІІ ст. з выразнымі беларускімі моўнымі рысамі, знаходзяцца, на розных старонках скарынаўскай Псальтыры са збораў Расейскай нацыянальнай бібліятэкі: “Иев з земли е[ст]”, “пришли три наведити и седели з ни[м] не мовечи ни[чего]”, “и во ангелах зна[шол] несправедли[вость]”, “исходячый во а[д не] изыйдет”,“брыдили для см[роду?]” і інш.[97] А на скарынаўскай-жа Кнізе выслоўяў цара Саламона, падобна, як і на Кнізе Эклезыяст (абедзве з таго-ж самага канвалюту, што й вышэй цытаваная Псальтыр) месціцца цэлы шэраг выпісаных з тэксту Бібліі сентэнцый: “лепше две[ма нежели] одному”, “дитя му[дрое] лепше ца[ра]”, “не лекайся [нечести]вых людей нап[адающих]”, “милост[ь] над все”, “На лепше ест кар[ане] мудраго, неж[ели шале]ного похл[ебство]” і да г.п.[98] Падобныя запісы прысутнічаюць і на на розных старонках скарынаўскай Кнізе Левіт са збораў Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі: “[жена] мает приро[женую] немощ свою будет сем дней”, “Г[оспод]ь б[о]г заказует быдлячо[го] и зверячо[го]”, “жрец не мает бороды” і г.д.[99] Да слова, чытацкія інскрыпцыі маглі адносіцца ня столькі да тэксту як такога, колькі да ягонага запісу. Пра такі выпадкі паведамляе, напрыклад, М.Нікалаеў, цытуючы надпісы чытачоў на двох рукапісных кнігах са збораў бібліятэкі летувіскае Акадэміі навук: “Сего слова конца здесь нет” і “омылился тут не написал”.[100]

Ці не найбольш часта сустраканымі чытацкімі маргінальнымі[101] паметамі з’яўляюцца такія, што з’вяртаюць увагу на пэўныя месцы ў тэксце або адсылаюць да іншых кніг: накшталт тых, што мы можам бачыць на розных старонках з вышэй цытаванага канвалюту скарынаўскіх кніг, на Кнізе Царстваў з калекцыі Нацбібліятэкі, або на шэрагу кніг са збораў Навуковай бібліятэкі МДУ. Так, на пэўным канвалюце мы сустракаем у розных месцах: “зри”, а таксама: “зри Исход”;[102] на Кнізе Царстваў: „NB”, “зри”.[103] На адным з паасобнікаў мамоніцкага Евангелля 1600 г. бачым таксама пазнаку: „зри”;[104] на Евангеллі вучыцельным (Крылас, 1616): „зри”, „NB”, „внимаи сіе”, „зри пилно”,[105] а на мамоніцкай Трыёдзі поснай 1609 г. — даволі характэрныя запісы XVIІ-XVIІІ ст. кірыліцай і лацінкай, як, напрыклад: „Шукай како падобает” і да т.п.[106] Сваеасаблівая форма: „слухай” — месьціцца на Кнізе Ісуса, сына Сірахава са збораў Нацбібліятэкі Беларусі.[107] Падкрэсленні тэксту і запісы тыпа „Nota” і „Nota diligenter” месцяцца на розных старонках Вызнанняў св.Аўгустына (Confessio Augusiniana in libros quatuor distributa Dilingae, M.D.LXIX).[108]

Вельмі часта на старадруках сустракаецца і піктаграфічны аналаг паметы „зри” — нарысаваная рука, што пальцам указвае на пэўнае месца ў тэксце.  Гэтая выява можа суправаждацца ці не суправаждацца адпаведным надпісам — абодва варыянты, напрыклад, прысутнічаюць на паасобніку мамоніцкага Евангелля вучыцельнага бібліятэкі МДУ[109] або ў некаторых месцах факсімільным адбітку Бібліі Скарыны, выдадзеным БелСЭ.[110] Гэткія-ж выявы ставіліся і інскрыптарамі лацінскіх надпісаў: напрыклад, падобны рысунак мы можам знайсці на абароце 7-га арк. ўсё тых-жа Вызнанняў св.Аўгустына, якія мы цытавалі ў папярэднім абзацы.[111]

Як мы ўжо зазначалі ва ўступе, немагчыма дакладна вызначыць паходжаньне інскрыпцыяў разгляданага тыпу, хоць, бязумоўна, словы “пільна”, “шукай” і да г.п., а таксама лацінічны запіс на кірылічных кнігах, зводзяць іх да дзвюх магчымых варыянтаў паходжання — беларускага і ўкраінскага. Да слова, варта, адзначыць, што некаторыя бібліёграфы надпісы такога роду залічаюць да „пробаў пяра”, што, на нашую думку, справядліва толькі ў рэдкіх паасобных выпадках.

На польскім пераклaдзе часткі кнігі Гваніні “Kronika ziemie ruskiey”, што выйшла ў Кракаве 1611, на некалькіх cтаронках (с.9, 10) сустракаюцца польскамоўныя-ж адзнаки на палёх. Запісы гэтыя — “Radziw”, “Radziwił”, “Radziwiłowie” — знаходзяцца ў тых месцах, дзе ёсць згадка ў тэксце пра Радзівілаў. Паходзяць яны, здаецца, з XVІI ст., аб чым сьведчыла-б напісаньне прозьвішча Радзівіла з адным „ł”. Кніга захоўваецца у сэктары старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай б-кі.[112]

Да групы чытацкіх надпісаў адносяцца таксама маргінальныя ды паміжрадковыя глосы-выясненні пэўных слоў ці выразаў, як на згаданым вышэй крыласкім Евангеллі вучыцельным: “глаголеему юноша” — “молвіт младзіенецъ”.[113]

Яшчэ адзін гатунак пазнакаў, якія мы адносім да разгляданага тыпу інскрыпцыяў (зрэшты, даволі рэдкі яшчэ для нашага пэрыду) звязаны ўласна не столькі з тэкстам, колькі з самім выданнем. Чалавеку часта цікавыя асаблівасці кнігі, якую ён чытае ці валодае, а паколькі старадрукі ды рукапісы нярэдка не маюць выходных дадзеных і ўказанне аўтарства, або страчваюць пачатковыя і апошнія старонкі. Таму уладальнікі і чытачы зазначае на кнізе звесткі, звязаныя з ейным тытулам, Так, ці не найранейшы запіс (Галенчанка датуе яго XVI ст.) гэтага роду знаходзіцца на скарынаўскай Кнізе Ёва са збораў Дзяржаўнага гістарычнага музея: “Печатана у Вілны”.[114] У XVIII ст., на дадатак, развілася сваеасоблівая мода надпісываць імя аўтара на кнізе, дзе яно не пазначана. Звычайна ў такім выпадку выкарыстоўвалася формула “Labor … [такога а такога]” або да т.п. Характырным прыкладам можа служыць надпіс на тытульным аркушы кнігі Dolor in auge post avitae lunae eclipsum (Vilnae: AcadSJ, 1702), які сведчыць, што аўтарам быў Мікалай Яленскі: „Labor R[everendi] P[atris] Nicolai Jelenski(“Праца Вялебнага Айца Мікалая Яленскага”). [115] Паза тым, сюды-ж можна залічыць і надпісы імёнаў аўтараў ды назваў кніг, што нярэдка рабіліся на кнігах зь бібліятэкарамі навучальных установаў і манастыроў. У якасці прыкладу прывядзем надпіс “Irineus”, што прысутнічае на вертыкальным абрэзе спамінанай вышэй кнігі Ірынэя Ліёнскага Adversus Valentini(Coloniae Agrippinae, ‹I›.I›. XCVI) са збораў Нацбібліятэкі Беларусі, якая некалі належала бібліятэцы Віленскае езуіцкае Акадэміі, а пасьля трапіла ў Ілюкштанскі манастыр базылянаў.[116]

 

 

 

 

3.      Актавыя і радаводна-летапісныя

 

У гэтай падгрупе мы аб’ядналі інскрыпцыі двох відаў, якія блізкія, дзякуючы свайму, так-бы мовіць, „гістарычнаму” характару. Яны часта сустракаюцца на кнігах, але беспасярэдняга дачынення да апошніх ня маюць: актавыя і радаводна-летапісныя.

 

Актавыя інскрыпцыі з’яўляюцца праўнымі дакумэнтамі, найчасцей запісаныя на палёх, пустых фарзацных аркушох або падшытыя да кніжнага блоку. У кнізе яны змяшчаюцца дзеля лепшае захаванасці, запісаныя прынагодна з браку падручнае паперы або зь нейкіх іншых, падобных, прычынаў; мусіць, менавіта таму іх нярэдка можна сустрэць на падставовай кнізе ўсходняе багаслужбы — наальтарным Евангеллі.

Яскравейшым прыкладам тут могуць служыць інскрыпцыі на найстаражытнейшым помніку беларускага пісьменства — Тураўскім Евангеллі. Яны згадваюцца ў шэрагу розных, як беларускіх, так і расейскіх працаў; мы спашлемся на кнігу М.Нікалаева Палата кнігапісная, як на адну з найбольш даступных. Дасьледчык паведамляе, што на адваротах арк. 2 і 6 месьцяцца надаўчыя запісы (якія аўтар няслушна называе „ўкладнымі”) кн. Канстантына Астрозскага з сям’ёй. Першы з іх, датаваны 10 лютага 1513 г., надае тураўскай царкве Перамянення Гасподняга, ды святаром Мітрафану і Мацвею пры ёй, тры палі з аромінамі ў с.Верасніцкае; другі-ж дадае да першага надання сад з пасекай, поле з сенажацьмі і інш.[117] Нікалаеў распавядае пра падобныя надпісы XV-XVIII ст. і на іншай старажытнай беларускай кнізе — Полацкім Евангеллі. [118]

Цікавыя фундушовыя запісы захавалася на Жыровіцкім Евангеллі, пра што паведамляе В.Мазурын у сваім артыкуле Аўтографы гісторыі на старонках Жыровіцкага Евангелля.[119] Гэта, напрыклад, надпіс па-беларуску самога дароўцы кнігі Льва Сапегі на арк. 376 і 377, у якім той ахвяруе Жыровіцкаму манастыру частку свайго Шылавіцкага маёнтку і некаторыя царкоўныя рэчы; ці, таксама, польскамоўная інскрыпцыя Багданы Мялешкі на арк. 296, у якой манастыру перадаецца мястэчка Жыровічы з навакольнымі землямі, вёску Агароднікі і інш.

Увогуле, хаця надпісы такога тыпу і сустракаюцца сёння не часта, іх нельга назваць адзінкавымі, і, як здаецца, яны рэпрэзэнтуюць даволі пашыраную некалі з'яву. Думаецца, што іхная рэдкасць у наш час вынікае перш за ўсё з невялікай лічбы захаваных з таго часу Евангелляў, а не з нехарактэрнасці гэткіх інскрыпцый.

 

 

Радаводна-летапісныя, як мы іх абазначылі, інскрыпцыі звычайна змяшчаюць інфармацыю пра смерць або народзіны членаў сям’і ўладальніка кнігі; пра здарэнні, звязаныя з клерам царквы, ды якой належала выданне; або таксама пра падзеі гістарычныя, якія аўтар надпісу бачыў на свае вочы або пра якія чуў.

 

Найцікавейшай сярод запісаў такога роду будзе, бадай, часта згадваная ў літаратуры інскрыпцыя войскага наваградскага Рыгора Уняхоўскага і ягонага сына, што распавядае пра іхны род: „Пан отец мой пан пан Павэл Яковович Унеховский заплатил долг смерти року 1593 месяца декабря двадцать шостого дня. Року 1548 месяца генваря 15 дня ожэнилсэ пан отец мой а в тот час ему было от урожэня его лет 33 а пани матухне моей было от нарожэня лет 16 была дочка пана Захари Трызны именем Катарына. Роженье детей их. Року 1549 месяца января 8 дня во второк передоднем родился я Грэгорый а ожэнилэмсе року АФОА… панею Зофеею Михаловною Улатовского которая была за паном Карпом Тишковичом рок один. З воли и прэзрэня пана бога всемогущого пан отец добродзей мой Грэгорый Павлович Унеховский заплатил долг смерти року 1606 месяца апрэля 1 дня жыл на том свете мизэрным от урожэня своего лет 57 и недель осм”.[120]

Іншы прыклад дае нам надпіс на Евангеллі вучыцельным віленскага выдання Міхала Гарабурды, які паведамляе пра смерць духоўнае асобы, што служыла ў царкве: „Року божого нарожения 1617 месяца октябрия 2 дня на паметь с[вя]т[о]го свещеномучен[и]ка Киприяна і Устини преставися рабъ бож[ии] ереи Сидоръ оу с[вя]т[о]га аръхистратига у Рычеви предав Г[оспод]у Б[о]гу д[у]х свои а при держаню его м[и]л[о]сти кн[я]зя Юрыя Чорьторыского”.[121] У Рычаве (менскае ваяводства) сапраўды знаходзіўся грэка-каталіцкі храм пад закліканнем арханёла Міхала (якога, як і арханёла Гаўрыіла, называна архістрацігам); пра смерць настаяцеля гэтае святыні, трэба думаць, і паведамляе надпіс.

А ў інскрыпцыі на згадваным вышэй віленскім Службоўніку 1692 г. са збораў Бібліятэкі НАН РБ, знаёмы ўжо нам плябан Сапоцкінскае царквы кс. Д. Шаркоўскім занатаваў, што: “Dnia 29 Augusta podług nowego Dnia 18 podług Starego Kalendarza urodził mi się syn ze wtorku na środę w nocy o godzinie […] ktoremu na imie Jan […] okrzczon we czwartek na 31 Augusta przez xx[=xiędzów] Andrzeja Кlimowicza P. Balewskiego z rodziców x[iędza] Dominika Szarkowskiego i Katarzyny Billewiczówny kumowie J[ego] m[ość] Pan Paweł Taledziewicz z J[ego] m[ością] Panią Zofią Wierzbitowiczowa J[ego] m[ość] Pan Stanisław Huniecki z Panią Anną Kozieliec. Tego dnia w r. 1752 urodził się Jan Andrzej pod Koziorożcem na ostatniej kwadrze” (“Дня 29 Жніўня паводле новага, Дня 18 паводле Старога Календару нарадзіўся ў мяне сын з аўторку на сераду ўночы а гадзіне …, якога назвалі Янам … [Быў] ахрышчаны ў чацвер на 31 Жніўня кс[яндзамі] Андрэям Клімовічам і П.Балеўскім [народжаны] ад бацькоў кс[яндза] Дамініка Шаркоўскага і Кацярыны Білевічоўны; кумаўя Ягамосць Пан Павал Таледзевіч з Ягамосцяй Паняй Зоф’яй Вярбітавічовай, Ягамосьць Пан Станіслаў Гунецкі з Паняй Ганнай Казелец. Гэтага дня ў г. 1752 нарадзіўся Ян Андрэй пад Казярогам на апошняй квадры”).[122]

З характэрных “летапісных” інскрыпцыяў тут прыточым некалькі. Надпіс камянецкага мяшчаніна Мартына Кашубы, у якім распавядаецца пра паход Ілжэ-Дзмітра І на Маскву цытуе Галенчанка ў згадыванай вышэй кнізе Идейныя и культурныя связи восточно-славянских народов в XVIXVII в.в.: „Року 1606. В том року зачалася валка велікая на московском п[а]нстве от Дмитра Ивановича, который се озвал в кролевстве полском и з людом полским пошол на Москву и щасте ему служило и осел столцю, коронован был от панов думных”.[123]

Надпіс, зьвязаны з ўвядзеннем Вуніі публікуе М.Нікалаеў: “… в року 1595 стало отступление от патриар[х]ии и прилучилося папежу Руси немало”.[124] Ён жа падае і колькі цікавых прыкладаў гістарычных запісаў, звязаных з апісанням надвор’я: “Месяца ноября 4 дне св. Іаоникия паметь, снег падал с метелицею до пояса”,[125] а таксама: “Roku tysiąc sześć pięćdziesiąt czwartego m[ie]s[ią]ca Augusta dwunastego dnia według Rzymskiego kalendarzy znak na niebie pokazał się przez godzinę szarą pojawiła była rano o godzinie dziewiątej miesiąc był y gwiazda służyła onemu zapewnie za króla eгo m[iło]sci pana Jana Kazimierza to było, a za dzierżawy jego m[iło]sci pana Jana Milasiewskiego majętności y церкви Joan Saszka protopopa Grodzieński рукою своею”.[126]

Да інскрыпцый летапісных залічым і “пустыя” запісы дат, што час ад часу сустракаюцца на кнігах. Некалькі такіх пазнакаў месцяцца, у прыватнасці, на скарынаўскай Кнізе Левіт са збораў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі ў Кіеве: “Swiete[go] Spassa ruskiego AD 16[24?]”, “AD 1624 dnia 7 marczaiAD 1623 i [10] februarii”.[127]

 

 

4.      Малітоўна-пабожныя

 

Паколькі вялікая частка кніг гэтага пэрыяду адносяцца да рэлігійных выданняў, нядзіў, што на іх, а асабліва на літургічных ды малітоўных, сустракаюцца ўпісаныя малітвы і пабожныя выразы. Тут, аднак, надзвычай цяжка зыдэнтыфікаваць беларускія інскрыпцыі, бо ў такога тыпу запісах адсутнічаюць згадкі геаграфічных назваў ці асабовых імёнаў, а тэксты зазвычай прысутнічаюць напісаныя у мове царквы, напр, у царкоўна-славянскай. Найчасцей, бадай, сустракаюцца кірылічныя надпісы тыпа “помощь моя от Господа” і іхны лацінічны, найчасцей, польскамоўны, адпаведнік: “Pomóc moіa od Pana”. Польска-моўныя інскрыпцыі на кірылічных кнігах найчасьцей можна ідэнтыфікаваць як беларускія або ўкраінскія, бо несумненна яны належалі спаланізаванай шляхце або духавенству.

Часам побач з пабожна-малітоўнымі надпісамі на кнігах можна сустрэць і рысункі рэлігійнага зместу.

 

Надпісы “Помощь моя от Господа” і да г.п., зробленыя кірыліцай і лацінкай, прысутнічаюць, у прыватнасці, на Псальтыру Мсціслаўца са збораў Навуковай бібліятэкі МДУ.[128] На скарынаўскай Кнігі Pут са збораў Закарпaцкага краязнаўчага музея месціцца польскамоўны (з усходнеславянскімі рысамі — напр., “ziemlu” замест “ziemię”) надпіс XVІІІ ст.: “Pomóc moia od Pana … [który] stworzył niebo y ziemlu”.[129] А паасобнік Кнігі Pут са збораў зноў-ткі МДУ нясе падобны польскамоўны надпіс, таксама з XVІІІ ст.: “Pomoc moia ot Pana Boga nieba i ziemie wszystko Proczy…”.[130]

На еўеўскім 1612 г. выданні Дыёптры беларускім скорапісам XVІІ ст. запісана малітва: „Б[о]же Отче небесны, С[ы]не и Д[у]хе прес[вя]тыи…”.[131] Пад надпісам месьціцца рысунак келіха або, хутчэй за ўсё, паціра.

На арк. 6 скарынаўскай Кнігі Левіт са збораў Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі месціцца рысунак распяцця з постацямі навокал, а на арк. 42 і 54 надпісы XVІІ ст. адпаведна: “офера [=ахвяра] Христа” і “фалы [=хвалы – Ю.Л.] и ко[г]да воспоем славу твою и сподобил еси нас б[о]же”.[132] Надпіс “Кр[ес]т посреде нас” прысутнічае на паасобніку куцеінскага Трыфалагіёна 1647 г. са збораў Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі, на арк. 374б.[133]

Некалькі вельмі цікавых надпісаў ёсьць на скарынаўскай Кнізе Левіт са збораў Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі. Адзін зь іх, польскамоўны, месціцца на арк. 44 адв.: “[…] ktori Pan bog [wj]achał do Ierusalemu na czest i chwałe boga wszechmogoncemu na pomoć byl Pana mego czeka końca swego Pan[a] Boga mego, ktorego swiency aniołowie wyzywaia jako Pana swego”. Другі-ж, лацінічны — на царкоўна-славянскай мове! — надпіс знаходзіцца на арк. 47 адв.: “[…] miłość pribiegaem [… дэф.] wo skorbie[ch] no od bied yzbowiennaia … czystaia y błahosłowiennaia Pomo[szcz] moya od Hospoda”.[134]

Пералік рэлігійных інскрыпцый можна доўжыць бясконца, паколькі сустракецца безліч самых розных тэкстаў, таму на гэтым, бадай, спынімся. Зазначым толькі, што нярэдка, таксама, можна спаткаць пісаныя на асобных аркушах ўстаўкі, якія ўласна кажучы цяжка назваць інскрыпцыямі ў прывычным сэнсе. Яны зазвычай цалкам змяшчаюць вялікі рэлігійны тэкст: напр., нейкую службу або малітву ці гімн. Прыклад такое ўстаўкі дае Службоўнік (Вільня-Супрасль, 1692-1695) з калекцыі Беларускай Бібліятэкі Ф.Скарыны ў Лёндане, у які ўклееныя некалькі аркушаў з перапісанай паводле невядомае крыніцы Службой Страстемъ Христовымъ. Іншы прыклад можа знайсці таксама ў трэцім выданні мамоніцкага Апостала, які захоўваецца ў Нацбібліятэцы Беларусі. Яно дапоўнена перапісанымі ад рукі антыфонамі; да слова, на ніжнім полі адной са старонак прысутнічае малюнак крыжа ў стылі тканых беларускіх арнаментаў.[135]

 

 

5.      Літаратурна-фальклорныя і мудрасныя

 

Гэтая група беларускіх інскрыпцыяў даволі нешматлікая, асабліва што датычыць рознага роду мудрасных выказванняў, выслоўяў і да т.п. запісаў. Фальклорны іх варыянт беларускім інскрыпцыям неўласцівы і такія надпісы сустракаюцца даволі рэдка (хоць, скажам, сярод расейскіх маргіналіяў гэта вельмі часта сустраканы жанр). Часцей у беларускіх інскрыпцыях можна прачытаць нейкія асабістыя назіранні альбо вынікі разважанняў аўтара надпісу; нярэдка сярод іх мы бачым выпіскі з тэксту, якія, праўда, аднясем да тэкстава-маргінальных інскрыпцый. Даволі часта можна сустрэць і вершаваныя (беларуска- ды польска-моўныя) занатоўкі.

Месцяцца надпісы гэтае групы, найчасцей, на палёх, але таксама можна іх сустрэць і на фарзацы.

 

Прыклады пачнем прытачаць з надпісаў фальклорнага характару. Радок з калядак у запісе XVІІІ ці, магчыма, ХІХ ст. змяшчаецца на скарынаўскай Кнізе Выхаду са збораў Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі: “Как нам Христос народився”.[136] А на Кнізе Левіт са збораў кіеўскай ЦНБ занатавана беларуская або ўкраінская загаданка, якая, паводле Г.Я.Галенчанкі, вядома і паводле шматтомнага выдання фальклорных збораў М.Федароўскага Люд беларускі: “Загадка бабам, што неслі усюго на собе осмь тисячий ин ровно рухомых речей рахованя, кол[ь]ко баб, посухов, колец, кошелюв, кошек, котенят, того всего так ся нараховало сума сумаром и князем и паном, а нам на мноолетное здрове, гриховное отпущене, а телесное здрове. Олексей свещенник рука власная”.[137]

Гаворачы пра вершаваныя запісы, спашлемся на Неміроўскага, які паведамляе, у прыватнасці, пра „белорусские виршы XVІ-XVІІ ст.” на Кнізе Судзьдзяў са збораў Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі,[138] а таксама пра польскіе і беларускія — на Кнізе Эсфіры[139]

Адным з рэдкіх прыкладаў беларускага мудраснага надпісу з’яўляецца, у прыватнасці, інскрыпцыя кан. XVІ ст. ці пачатку XVІІ ст. на скарынаўскай Кнізе выслоўяў цара Салаямона са збораў кіеўскай ЦНБ: “хто переставнет з добрым ле[п]ший боудет”.[140] На Кнізе царстваў з калекцыі РНБ афарыстычны паводле формы надпіс дае характарыстыку царкоўнаму злучэнню: „Вся рус[ь] [есть] новый Ізраиль з рымляны”,[141] а на іншым паасобніку той-жа кнігі — толькі ўжо са збораў РДБ — поўны горычы вокліч, відаць, звязаны з адступніцтвам Саламона праз жонку: „Salomon Salomonpter mu lier[142] — верагодна: „Salomon, Salomon! Lapsavis propter mulier!” (“Салямон, Салямон! Ты зграшыў з поваду жанчыны!”).

 

 

6.      Забаўляльнага характару

 

Да інскрыпцыяў забаўляльнага характару мы адносім надпісы, а таксама, рысункі, робленыя засумаванымі чытачамі — нярэдка, вучнямі — дзеля забавы. І сёння нам добра вядомыя школьныя падручнікі з жартаўлівымі (хоць далёка не заўсёды прыстойнымі) надпісамі або малюнкамі гарэзлівых шкаляроў. Колішнія „бурсакі” ня надта розніліся ад нашых сучасных, а паколькі вучыліся чытаць і пісаць тады на падставе псальтыраў, актоіхаў, выданняў твораў Яна Златавуснага і да г.п. службовых ці багаслоўскіх кніг, дык не дзіў, што сёньня мы знаходзім на гэтых кнігах амаўляную катэгорыю інскрыпцый (хоць, бязумоўна, ня так часта, як іншыя групы надпісаў).

 

Сярод такіх інскрыпцый ёсць і крыптаграфічныя. Вельмі цікавы прыклад падае М.Нікалаеў, апісваючы надпіс, зроблены выхадцам з Гальшанаў Макарам Ільвовічам: „ъшорг аз ъшург ъмад умот ътетчорп еіс отк” („кто сіе прочтетъ тому дамъ грушъ за грошъ”).[143] Як прыклад ня вельмі прыстойнае інскрыпцыі прыточым зроблены лацінкай па-беларуску надпіс, які месціцца на Октоихе, выдадзеным ў 1740 г. у Магілёве[144]: „Pisaw Pisaka [а] chto Preczitaya toy Sraka”.

Што да рысункаў, дык яны, натуральна, інскрыпцыямі sensu stricto не з’яўляюцца, але паколькі неаднойчы сустракаліся на даследаваных намі кнігах, мы палічылі за немагчымае абмінуць іх у гэтым нашым допісе. Напрыклад, на Кнізе Ісуса, сына Сірахава са збораў чэскага Нацыянальнага музея ў Празе прысутнічаюць астранамічныя выявы кан.XVІІ - пач.XVІІІ ст. Так, на арк. 68 адв. – 69 месьцяцца два рысункі сонца з чалавечым тварам (пад адным — подпіс: „солнце”), а на арк. 69 – 70: зорак, месяца, нябеснае дугі, сонца.[145]

Сярод іншых такіх рысункаў назавем, напрыклад, выяву постаці на куцеінскім Трыфалагіёна 1647 г., што захоўваецца ў зборах Нацбібліятэкі ў Менску.[146] Яна прадстаўляе ці тое паляўнічага,[147] ці тое шляхціча з шабляй ды стрэльбай.

На згадываным вышэй польскім пераклaдзе часткі кнігі Гваніні “Kronika ziemie ruskiey”, што выйшла ў Кракаве ў 1611 г. на cтаронцы 37 сустракаюцца рысунак сякеры з нечым, падобным на карону, зверху на ёй.[148] Быць можа, у дадзеным выпадку прадстаўлена геральдычная выява — герб “Тапор”, да якога належалі шмат якія беларускія роды: Акулічы, Бутрымы, Забэлы, Нэканды-Трэпкі, Тарлецкія і інш. Зрэшты, няма пэўнасьці рысунак умяшчаецца ў нашыя геаграфічныя, а, тым больш, храналагічныя межы — бо карона зьверху, як думаецца, мусіла-б, пэўне, сьведчыць пра княжую ці графскую годнасць уладальніка герба. На жаль, князёў сярод родаў, прыпісаных да гэтага гербу, ня было, а графы з’явіліся толькі ў XIХ cт.[149]

Да гэтай групы інскрыпцыяў варта было-б аднесці і ўсялякія “лістоўныя” запісы, што зьмяшчаюць звароты да іншых асобаў. Што праўда, такога роду надпісаў, якія можна было ідэнтыфікаваць як беларускія пакуль не выяўлена.

 

 

7.      „Пробы пяра”

 

Надпісы гэтага тыпу, на адрознасьць ад іншых катэгорыяў, звычайна ніякай адмысловай інфармацыі не нясуць. Яны ставіліся з выключнай мэтаю сапраўды праверыць падрэзку пяра, даць руцэ “распісацца” і г.д., і маглі змяшчаць разнастайныя словы ды выразы ад тытулёвага “проба пяра” на розных мовах да шмат разоў паўторанага “сія кніга”.

 

З XVI ст. паходзяць даволі нехарактэрныя надпісы на апошнім аркушы фарзаца супрасльскага спісу Летапісца Вялікага Княства Літоўскага “покоштовати пера и чернила” і “покоштовати пера ли доброе”.[150]

Надпісы “проба пера”, “аминь / глаголю” і інш. прысутнічаюць на заднім фарзацы куцеінскай Дыёптры 1654 г. са збораў Нацбібліятэкі Беларусі.[151] Лацінскія пробы пяра месцяцца на адным з паасобнікаў Граматыкі Мялета Сматрыцкага (Еўе, 1619-1619) з бібліятэкі МДУ.[152] Лацінічныя ды кірылічныя пробы пяра можна ўбачыць і на розных паасобніках трэйцяга выдання мамоніцкага Апостала з кнігазбора ўсё той-жа бібліятэкі МДУ.[153]

Да “пробаў пяра” бібліёграфы зазвычай адносяць і частковыя або поўныя запісы альфабэтаў. Такія інскрыпцыі зусім не рэдкія. Галенчанка, напрыклад, паведамляе пра наяўнасць кірылічнага і лацінічнага альфабэтаў на некалькі такіх запісаў XVІ-XVІІ ст. на Кнізе Левіт са збораў ЦНБ у Кіеве.[154] Пачатак кірылічнага альфабэта месціцца на фарзацы польскага выдання навучанняў Язафата Кунцэвіча Epitome, што выйшлі ў Супрасьлі ў 1700. (Тут, да слова, прысутнічае і паўтораны двойчы надпіс “Pomoc moia od Pana Boga”, што сведчыць, хутчэй, пра тое, што й ён мог выконваць ролю “пробаў пяра”).[155]

Да гэтай групы можна аднесці, бадай, і вучэбныя запісы, што прадстаўляюць не толькі літары, але й склады — напр.: “вышедши Aa b c d e f g h [і далей] Ba be bo bu Ca ce ci co cy Da di do du … [і далей]” — таксама на Кнізе Левіт, але ўжо з кнігазбору Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве.[156]

Частка лацінскага альфабэту, праўдападобна выкананага Антонам Радзівілам, а таксама манаграма апошнга, знаходзяцца на тытульным аркушы 2-га тому французскамоўнае Vie privée de Louis XV (Лёндан, 1781) са збораў сэктара старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай б-кі.[157]

 

На гэтым мы закончым разгляд характэрных тыпаў беларускіх інскрыпцый XVІ-XVІІІ ст. Хочацца выказаць спадзяванне, што гэтая нашая публікацыя прыцягне ўвагу гісторыкаў кнігі і бібліёграфаў да такога важнага элементу беларускае кніжнае культуры згаданага пэрыяду, як пазнакі.

 


 

[1] Пад абагульняльным тэрмінам „пазнакі” мы разумеем усе віды пазначэнняў на кнігах: экслібрысы, надпісы і паметы-адзнакі (на адрознасьць ад разуменьня гэтага тэрміну ў падрыхтаваным супрацоўнікамі Адзьдзела рэдкае кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Т.І.Рошчынай ды Н.С.Саверчанкай Руска-беларускім тэрміналягічным слоўнічку па кнігазнаўстве. Мн., 1997).

[2] ФБ НАН РБ: Черняева А.И. Автографы, владельческие и дарственные надписи в книжных фондах Фундаментальной библиотеки АН БССР // Из истории книги в Белоруссии: (Сб. статей). Мн., 1979. С.78-85; Ефимова А. Записи ХVІ-ХVІІ вв. на книгах кирилловской печати // История книги, источниковедение и библиотечное дело: (Сб. науч. статей). Мн., 1984. С.61-76; НБ РБ: Cільнова Л. Аўтографы і дароўныя надпісы на кнігах з даваенных фондаў Аддзела беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі // Здабыткі: Дакум. помнікі на Беларусі. Вып. 3. Мн., 1998. С.92-100; Яе-ж. Ельскі. Ельскага. Ельскаму… // Дзеля блізкіх і прышласці: Матэрыялы Міжнароднай навук.-практ. канф “Універсітэты Ельскіх: Да 165-годдзя з дня нараджэння А. Ельскага” (Мінск, 7 кастр. 1999 г.) Мн., 1999. С.76-85; Cаверчанка Н.С. Правіненцыі ў заходнееўрапейскіх кнігах 2-й пал. XVI ст. Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі: шляхі фармавання калекцыі. Выступ на 3-ціх Кнігазнаўчых чытаннях [У друку]; ББФС (Лондан): Jauryk, Autograf Dedications in the Skaryna Library, London // Belarusian Cronicle (London), 1990–2000, Nos.9–10; Лаўрык Ю. Беларускія кніжныя пазнакі ў зборах Бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Лондан, 2001; Музей беларускага кнігадрукавання (Полацак): Шумовіч А. Запісы і прыпіскі на кірылічных выданнях з калекцыі Музея беларускага кнігадрукавання // 480 год беларускага кнігадрукаваньня: Матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў. Мн., 1998. С.245-250.

[3] Билевич В.В. Белорусские книги кирилловской печати XVIXVII веков в фондах ФБАН БССР // Из истории книги в Белоруссии: (Сб. статей). Мн., 1976. С.93-112; Его же. Белорусские книги кирилловской печати XVIII века в фондах ЦНБ АН БССР // Книга в Белоруссии. Книговедание. Источники. Библиография: (Сб. статей). Мн., 1981. С.13-26; Старопечатные книги кирилловской печати в музеях Белоруссии: Каталог/ Сост. Л.Клок. Мн., 1985; Киреева Г.В. Белорусская старопечатная кириллическая книга в фондах Государственной библиотеки БССР им. В. И.Ленина // Кніжная культура Беларусі. Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны: (Зборнік навуковых прац). Мн., 1991. С.130-142; Яе-ж. Коллекция белорусских кириллических книг XVIXVIII веков в Национальной библиотеке Беларуси // Здабыткі: Дакум. помнікі на Беларусі. Вып. 2. Мн., 1997. С.80-105.

[4] Cyrillic Books Printed before 1701 in British and Irish Collections: A Union Catalogue/ R.Clemenson et al. [London]: The British Library, [2000]; Rare Polonica in the New York Public Library: Books of the 15th-18th c. = Polonica XV–XVIII wieku w zbiorach Nowojorkskiej Biblioteki Publicznej/ The New York Public Library. Ed. by M.Czapnik; comp. By R.H.Davis, Jr. New York: N.Ross Publishing Inc., [2001]; Каталог белорусских изданий кирилловского шрифта XVІ – XVІІ вв. Вып 1: (1523-1600), Вып. 2: (1600-1654) / Сост. В.И.Лукьяненко. Ленинград, 1973-1975 і ягоны храналагічны працяг: Каталог белорусских кириллических изданий конца XVІІ – XVІІІ вв. Вып. 3: (1693-1800)/ Сост. Т.А.Афанасьева. Санкт-Петербург, 1993; Издания кириллической печати XVXVI вв. (1491-1600 г.): Каталог книг из собрания ГПБ/ Сост. В.И.Лукьяненко. СПб, 1993. С.46; Поздеева И.В., Кашкарова И.Д., Леренман М.М. Каталог книг кириллической печати XVXVII в.в. научной библиотеки Московского университета. [Москва]: Изд-во МГУ, 1980 і ягоны працяг: Поздеева И.В., Ерофеева В.И., Шитова Г.М. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.) Научной библиотеки Московского университета: Находки археографических экспедиций 1971-1993 годов, поступившие в Научную библиотеку Московского университета. [Москва]: Изд-во МГУ, 2000, а таксама інш. (У сувязі з войнамі XVІ – XVІІІ ст., раздзеламі Рэчы Паспалітае ды эвакуацыяй культурных каштоўнасцяў у часе І-й і ІІ-й Сусветных вайнаў углыб Расейскай імпэрыі і СССР, вялікая частка беларускіх кніжных багаццяў апынулася на Ўсходзе, што і абумовіла частыя спасылкі ў нашай працы на каталогі расейскіх збораў. Належыць аднак зазначыць, што з вялікае колькасці прагледжаных намі каталогаў расейскіх музейных і бібліятэчных калекцый менавіта названыя тут аказаліся найболей карыснымі.).

[5] Неміроўскі Я.Л. Выданні Францыска Скарыны: Зводны каталог і апісанне. У кн.: Францыск Скарына: Зб. дакум. і матэр. Мн., 1988. С.207-310; Францыск Скарына: Спадчына і пераемнікі: Анатаваны бібліяграфічны паказальнік/ Аўт.-склад. Г.Я.Галенчанка. Мн., 2002. (Асабліва раздзел ІІ. Укладальніцкія і чытацкія запісы, с.67-90). Галенчанка ў значнай меры паправіў і дапоўніў інскрыпцыі, занатаваныя ці згаданыя Неміроўскім у сваім каталогу.

[6] То бо зробленыя беларусамі або на тэрыторыі Беларусі.

[7] На выданнях, што паходзілі з беларускіх кнігазбораў сустракаюцца таксама надпісы на гебрайскай, грэцкай, французскай і інш. мовах. Аднак, зазвычай няма падстаў сцвярджаць, што гэтыя запісы зроблены менавіта беларусамі, тым болей, што і кнігі, на якіх яны выступаюць, найчасьцей заходнееўрапейскага друку.

[8] Пры правядзенні філалагічнага аналізу мы абапіраліся на падручнік Ф.М.Янкоўскага Гістарычная граматыка беларускай мовы (3-е выд., Мн., 1989).

[9] Билевич В.В. Белорусские книги кирилловской печати XVIXVII веков …, с. 109.

[10] Kołbuk W. Kościoły wschodnie w Rzeczypospolitej około 1772 roku. Lublin, 1998. S.92. Аналагічны даведнік для лацінскае царквы, таксама апублікаваны люблінскім Інстытутам Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы: Litak St. Kościoł łaciński w Rzeczypospolitej około 1772 roku. Lublin, 1996.

[11] За савецкім часам чамусці забылося, што “малюнак” — гэта выява, намаляваная фарбамі. Карцінку-ж, зробленую пры дапамозе алоўка, пяра і да т.п. прыладаў пісьма, у перадрэвалюцыйнай і заходне-беларускай літаратуры называлі “рысункам” (гл., напрыклад, подпісы да ілюстрацыяў у Кароткай гісторыі Беларусі В.Ластоўскага). Звяртаючыся да гэтай традыцыі, мы і ўжываем тут дадзены тэрмін.

[12] Безумоўна, казаць пра пэўны падзел можна толькі ўмоўна, бо дакладнае раздзяленне правесці немагчыма: напрыклад, ва ўкладных надпісах нярэдка падаюцца звесткі пра абставіны куплі кнігі, а самі ўкладныя інскрыпцыі па сутнасці з’яўляюцца нічым іншым як адной з форм дарчага запісу.

[13] Шыфр: 094/4095К.

[14] Издания кириллической печати XVXVI вв. (1491-1600 г.)…, с.46.

[15] Тамсама.

[16] Паколькі ў XVIІ ст. год пачынаўся не са студзеня, а з верасня, дык пераводзіць дату ад стварэння свету ўв адлік ад Нараджэння Хрыстовага без ведання канкрэтнага месяца можна толькі прыкладна.

[17] Як у слоўніках лаціны класічнай, гэтак сярэднявечнай ды новага часу, брак слова “Possessaristius”. Таму лагічным здаецца меркаванне, што ўкладальнік каталогу па-просту не заўважыў прабелу паміж словамі „Possessor” і „istius”. Дык вось, у гэткім разе надпіс атрымліваецца цалкам правільны граматычна і чытаецца як „Possessor istius libri”; праблема толькі ў тым, што лацінскі займеньнік „istе” мае зневажальнае адценьне і ў перакладзе надпіс гучаў-бы як: „Уладальнік гэтае кніжонкі…”. Цяжка дапусціць, каб у XVIІ ст. беларускі мешчанін пагардліва адгукаўся аб кнігах Св.Пісьма, таму адзіным тлумачэннем можа быць тое, што Жукаў кепска ведаў лаціну і па-просту ўжыў займеннік „istе” замест „hiс”.

[18] Издания кириллической печати XVXVI вв. (1491-1600 г.)…, с.48.

[19] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.85. Надпіс, здаецца, не зусім дакладна ўзноўлены; паводле правілаў граматыкі павінна быць: „… ręką sw[ą]” ??? „… rękę swprzyłożył]”.

[20] Тамсама, с.65

[21] Тамсама, с.66

[22] Поздеева И.В. и др. Каталог книг кириллической печати XVXVII в.в.…, с.32.

[23] Галенченко Г.Я. Идейныя и культурныя связи восточно-славянских народов в XVIXVII в.в. Мн., 1989. С.51 (у спасылцы).

[24] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.79.

[25] Захоўваецца ув Адзьдзеле рэдкай кнігі НБ Беларусі ў Менску; шыфр: 094/276495К

[26] Каталог белорусских кириллических изданий… Вып.3 (1693-1800 гг.), с.43.

[27] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.77.

[28] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.87.

[29] Инв.834.

[30] Rare Polonica, р. 37.

[31] Тамсама, р.85.

[32] Напр., шыфры: 094/361К і 094/377К

[33] Шыфр: 094/410К

[34] Захоўваецца ув Адзьдзеле рэдкай кнігі НБ Беларусі ў Менску; шыфр: 094/4138К

[35] Тамсама; шыфр: 094/495К

[36] Тамсама; шыфр: 094/483К

[37] Тамсама; шыфр: 094/313К

[38] Тамсама; шыфр: 094/357К

[39] Тамсама; шыфр: 094/413К

[40] Тамсама ; шыфр: 094/3432К

[41] Тамсама ; шыфр: 094/3026К

[42] Гл.: Билевич В.В. Белорусские книги кирилловской печати XVIXVII веков …, с. 109.

[43] Киреева Г.В. Белорусская старопечатная кириллическая книга…, с.139

[44] Яе-ж. Коллекция белорусских кириллических книг…, с.89-90

[45] Тамсама, с.90.

[46] Шыфр 094/4086К, арк.1-13.

[47] Русская историческая библиотека. Т.5. Акты Иверскаго Святоозерскаго монастыря (1582-1706), собр. о. архимандритомъ Леонидомъ. Петербургъ, 1878. С. 54.

[48] Белоненко В.С. Из истории книжности Иверского Успенского монастыря на Валдайском озере в ХVІІ в. // Литература Древней Руси. Источниковедение: Сб. науч. тр. Ленинград, 1988. С. 197-206 (201).

[49] Тамсама.

[50] Пры спасылках на кнігі ББФС мы не падаем нумароў захавання, бо на час нашага вывучэння там старадрукаў гэтая частка кнігазбора яшчэ не была ахоплена каталогам. Зрэшты, паколькі калекцыя старадрукаў у бібліятэцы невялікая, праблемаў з адшуканнем у ёй пэўных паасобнікаў у даследчыкаў узнікаць не павінна.

[51] Параўн.: Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993. С.218. Гл., таксама, ілюстрацыю з фрагментам гэтага надпісу на с.89 названае працы.

[52] Трэцяе “Р”, недарэчна тут ужытае, быць можа ёсць недапісанай літарай “В” — пачатнай у слове “Basilianorum”, якое інскрыптар аўтаматычна пачаў пісаць на гэтай старонцы, але пасля схамянуўся і напісаў на наступнай.

[53] Шыфр 512/Е43

[54] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.32.

[55] Галенчанка Г.Я. Укладальніцкія і чытацкія надпісы на выданнях стаута // Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Мн., 1989. С.538.

[56] Надпіс вельмі складаны для прачытання; цалкам расшыфраваць яго не ўдалося ані складальнікам каталогу старадрукаў Нацбібліятэкі (гл.: Киреева Г.В. Коллекция белорусских кириллических книг…, с.92), ані нам. Магчымы пераклад-рэканструкцыя надпісу: “Ва ўжытку вялебных п[аноў] айцоў базылянаў вуніятаў, у замку, няхай [гэты Апостал застаецца,] мною, Давідам[, падараваны]”

[57] Захоўваецца у Аддзеле Рэдкай Кнігі Нацыянальнай Бібліятэцы Беларусі ў Менску; шыфр: 094/4824.

[58] Rare Polonica, р.100.

[59] Тамсама, р.81.

[60] Тамсама, р.115.

[61] Шыфр 094/3051К

[62] Шыфр 512/Е43

[63]Congregatio” на царкоўнай лаціне можа азначаць як „лучнасць, вордэн, кангрэгацыя”, гэтак і „супольнасць, манастырская брацця” (не кажучы ўжо пра назвы прызначаных папам камітэтаў і камісій, напр., Кангрэгацыя пашырэння веры, Кангрэгацыя па справах Усходніх цэркваў).

[64] Каталог белорусских кириллических изданий… Вып.3 (1693-1800 гг.), с.43.

[65] Гл.: Нікалаеў М. Палата кнігапісная, аркушовая ілюстрцыя на с.85.

[66] Захоўваецца ув Аддзеле рэдкай кнігі НБ Беларусі ў Менску; шыфр: 094/313К

[67] Шыфр 25370РФ

[68] Шыфр: 12Рк/28236.

[69] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.87.

[70] Тамсама, с.54.

[71] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.91-92.

[72] Тамсама, с.97.

[73] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.87-88.

[74] Тамсама, с.87.

[75] Билевич В.В. Белорусские книги кирилловской печати XVIII веков…, с.16.

[76] Шумовіч А. Запісы і прыпіскі …, с.247.

[77] Параўн.: Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.167.

[78] Шыфр: 094/356К

[79] Каталог белорусских изданий... Вып. 2, с.62-63.

[80] Каталог белорусских изданий ... Вып. 2, c.56.

[81] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.50.

[82] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.86

[83] Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.200.

[84] Галенченко Г.Я. Идейныя и культурныя связи…, с.90.

[85] Лаўрык Ю. Беларускія кніжныя пазнакі…, с.5-6.

[86] Параўн.: Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.90.

[87] Тамсама, с..93.

[88] Тамсама, с.143.

[89] Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.143.

[90] Шыфр: 094/4059

[91] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.58.

[92] Захоўваецца ув Аддзеле рэдкай кнігі НБ Беларусі ў Менску; шыфр: 094/313К

[93] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.80.

[94] За аснову для факсіміле дадзенай кнігі былі ўзяты паасобнік, што захоўваецца ў РНБ, РДБ №. 1.5.4а/1.

[95] Апублікавана паводле паасобніка РДБ, №6533.

[96] Галенчанка Г.Я. Укладальніцкія і чытацкія надпісы…, с.538.

[97] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.68.

[98] Тамсама, с.69, 73.

[99] Тамсама, с.80.

[100] Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.209.

[101] Некаторыя аўтары памылкова называюць маргінальным або маргіналіяй кожны запіс зроблены на кнізе. У замежнай літаратуры прадмету “маргінальныя запісы” — гэта запісы, зробленыя на палёх кнігі (ад сярэднявеч. лац. marginalis, мн.л.: marginaliа — тое, што месціцца на палёх).

[102] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.69, 73, 74.

[103] Тамсама, с. 75.

[104] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.71.

[105] Тамсама, с.88.

[106] Тамсама, с.99.

[107] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.71

[108] Захоўваецца ув Аддзеле рэдкай кнігі НБ Беларусі ў Менску; шыфр: 094/313К

[109] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.51.

[110] За аснову для факсіміле былі ўзятыя паасобнікі кніг, што захоўваюцца ў РНБ, РДБ і маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музея. Выявы, падобныя да апісаных, прысутнічаюць, у прыватнасьці, на с.112, 123, 130, 139 Кнігі Выйсця (1-ы том выданьня) ды ў інш. месцах.

[111] Захоўваецца ув Аддзеле рэдкай кнігі НБ Беларусі ў Менску; шыфр: 094/313К

[112] Шыфр 1381244

[113] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.88.

[114] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.68.

[115] Rare Polonica, р.100.

[116] Шыфр: 094/356К

[117] Параўн.: Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.20.

[118] Тамсама, с.25.

[119] Мазурын В. Аўтографы гісторыі на старонках Жыровіцкага Евангелля // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. №4. с. 50-53.

[120] Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.114.

[121] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.31.

[122] Билевич В.В. Белорусские книги кирилловской печати XVIXVII веков…, с. 109.

[123] Галенченко Г.Я. Идейныя и культурныя связи..., с.138.

[124] Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.207.

[125] Тамсама, с. 207-208.

[126] Тамсама, с. 208.

[127] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.81.

[128] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.28.

[129] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.84.

[130] Тамсама, с.84.

[131] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.105.

[132] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.80.

[133] Киреева Г.В. Коллекция белорусских кириллических книг…, с.94).

[134] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.80.

[135] Шыфр: 12Рк/28236.

[136] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.79.

[137] Тамсама, с.80.

[138] Неміроўскі Я.Л. Выданні Францыска Скарыны …, с.254.

[139] Тамсама, с. 273.

[140] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.69.

[141] Тамсама, с.74.

[142] Тамсама, с.74.

[143] Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.213.

[144] Захоўваецца у Адзьдзеле Рэдкай Кнігі Нацыянальнай Бібліятэцы Беларусі ў Менску; шыфр: 094/4058

[145] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.71

[146] Шыфр: 094/4045.

[147] Параўн.: Киреева Г.В. Коллекция белорусских кириллических книг …, с.94.

[148] Захоўваецца у сектары старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай б-кі; шыфр 1381244

[149] Параўн., напр.: Górzyński S., Kochanowski J. Herby szlachty polskiej. Warszawa, 1992. S.152–153.

[150] Нікалаеў М. Палата кнігапісная, с.203.

[151] Шыфр: 094/4060).

[152] Поздеева И.В. и др. Кириллические издания (XVI век – 1641 г.)…, с.117.

[153] Тамсама, с.55-58.

[154] Францыск Скарына. Спадчына і пераемнікі…, с.81

[155] Захоўваецца ў бібліятэцы Расейскай акадэміі навук, збор Дабрахотава, №33. (Паводле ўстаўной ілюстрацыі з кнігі І.Саверчанкі Aurea mediocritas, што выйшла ў Менску ў 1998.)

[156] Неміроўскі Я.Л. Выданні Францыска Скарыны, с.265.

[157] Шыфр 92/V61

 

 

Возврат на главную страницу

 


© Лаўрык Ю.М., 2004

Hosted by uCoz